“Хайсы – віцебскія Курапаты” – грамадская ініцыятыва, якая займаецца ўшанаваннем памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на Віцебшчыне. Ініцыятыва была створана ў 2015 г. – неўзабаве пасля таго, як у лесе паміж вёскамі Хайсы і Дрыколле, за 15 км ад Віцебска, былі знойдзены чалавечыя парэшткі, і мясцовыя жыхары распавялі пра масавыя расстрэлы ў гэтых мясцінах у 1937-38 гадах. Удзельнікі ініцыятывы працягваюць традыцыю, распачатую ўдзельнікамі віцебскага клуба “Узгор’е”, якія яшчэ ў 1989 г. ўсталявалі першыя мемарыяльныя крыжы на месцы “сталінскіх расстрэлаў” каля вёскі Паляі Віцебскага раёну.
За час існавання ініцыятывы быў створаны самаробны мемарыял каля вёскі Хайсы, запісаны ўспаміны старажылаў і ўстаноўлены імёны некаторых ахвяраў, якія знайшлі тут апошні спачын . У 2017 г. ініцыятыва была ўганараванна званнем “Чэмпіён грамадзянскай супольнасці”, а падсумаваннем зробленай працы ў 2019 г. стала перасоўная фотавыстава “Хайсы- віцебскія Курапаты”, якая экспанавалася ў Віцебску, Полацку, Глыбокім, Браславе, Мёрах.