Франц Антонавіч Лаппо нарадзіўся ў 1899 годзе ў вёсцы Бубалева на Лёзненшчыне. Лёс адмерыў яму ўсяго 38 гадоў жыцця, якое абарвалася ў Краснаярскім краі паводле пастановы Тройкі УНКУС. Пра свайго дзядулю, якога не давялося ўбачыць, распавяла жыхарка Віцебска Тамара Ільіна:
– Ведаю ад бабулі, і даведка пра гэта ёсць, што да арышту ў 1932г. дзядуля працаваў дзясятнікам на торфараспрацоўках у Лёзненскім райпрамгасе. Версія бабулі такая: людзі з мясцовага калгаса ішлі да яго працаваць на торфараспрацоўкі, і той калгас не выканаў нейкі план. Старшыня калгаса, дарэчы, сябар дзядулі, паскардзіўся, што план не выканалі, бо не хапала людзей – маўляў, сышлі да Франца Лаппо на тарфянікі. Дзядулю абвінавацілі за арганизаваную контррэвалюцыйную дзейнасць і саслалі на 8 гадоў у Нарыльскі лагер. Бабуля засталася з 3-гадовым сынам на руках, маім татам. І ўсё жыццё вінаваціла таго старшыню калгаса за тое, што “здаў” дзядулю. Яна і прозвішча называла, ды я не запомніла. Але я заўсёды спрабавала яго бараніць, тлумачыла, што ён не спецыяльна гэта зрабіў, што спрабаваў уратаваць сваё жыццё, бо за кепскую працу калгаса пыталіся з яго…
Тэрмін пакарання мусіў скончыцца, аднак Франц Антонавіч дахаты не вярнуўся, працягвае Тамара Ільіна:
– З даведак пра рэабілітацыю я зразумела, што дзядуля перажыў два судзілішчы. Адно ў 1932 г., а другое – у 1937 г. У сямейным архіве ў нас захоўваецца даведка, нібыта Лаппо Франц Антонавіч сканаў “ад упадку сардэчнай дзейнасці”. Але ў базах звестак пра рэпрэсаваных ёсць інфармацыя, што 27 верасня 1937г. дзядулю асудзілі за шкодніцтва і антысавецкую дзейнасць да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу. Яго расстралялі 8 кастрычніка 1937г., праз 11 дзён пасля прысуду…
Праўду пра трагічны лёс Франца Антонавіча Лаппо сям’я даведалася толькі ў 1960-я, і тое не ўсю. Даведку пра рэабілітацыю па першым абвінавачванні 5 чэрвеня 1960 г. выдаў суд Віцебскай вобласці: “пастанова адменена і справа спынена за недаказанасцю злачынства”. Жонка рэпрэсаванага, Ганна Іосіфаўна Лаппо, якая нічога не ведала пра другі прысуд , пачала шукаць свайго мужа. Бо чалавек ужо больш як 20 год таму мусіў вярнуцца дамоў з высылкі, а яго ўсё няма… Бабулі паведамілі, што яе муж памёр у 1939г. і нават даслалі даведку аб смерці, кажа Тамара Ільіна:
– Бабуля звярталася ў КДБ, каб даведацца, што здарылася. Адказ прыйшоў з упраўлення ўнутраных справаў – што дзядуля памёр 13 студзеня 1939г. у месцах зняволення, і што пасведчанне ад смерці можна атрымаць у ЗАГСе. Атрымалі. У гэтым пасведчанні напісана, што смерць наступіла ад “упадку сардэчнай дзейнасці”. Чалавек быў ужо два гады як расстраляны, а бабуля да самай смерці думала, што ён памёр ад сэрца, калі дабіраўся дадому са ссылкі! У 1961г. прыйшлі дзве даведкі з Краснаярскага краю: краявы суд і пракуратура паведамлялі, што другая справа супраць Лаппо Ф.А. таксама скасавана, і ён рэабілітаваны. Але для бабулі гэта ўжо не мела вялікага значэння: яна ва ўсім вінаваціла сябра, які спісаў на дзядулю кепскую працу калгаса. Яна меркавала, што праз яго ён трапіў у высылку, і праз яго памёр, страціўшы здароўе ў лагеры… Пры жыцці бабуля так і не даведалася, што яе муж быў асуджаны ў Краснаярскім краі другі раз, і што яго расстралялі.
Паводле інфармацыі з базаў звестак пра рэпрэсаваных, Франц Антонавіч Лаппо быў расстраляны ў пасёлку Дудзінка. Месца яго пахавання не вядомае.