Мікалаёва

Мікалаёва  – месца масавага расстрэлу вязняў Глыбоцкай турмы

26 чэрвеня 1941 году войскамі НКВД была расстраляная калона вязняў Глыбоцкай турмы (размяшчалася  ў былым базыльянскім манастыры ў Беразвеччы). У пачатку вайны начальнік турмы №28 Прыёмышаў атрымаў загад аб пераводзе вязняў у Віцебск. Каб аблегчыць сабе працу, ён загадаў расстраляць на месцы некалькі сотняў людзей, пэўна самых нямоглых і найбольш небяспечных. Астатніх, падзяліўшы на 12 групаў, канваіры пагналі ў кірунку Вушачаў. Цягам дарогі да Вулы, даўжынёй каля 90 км, вязням не давалі вады і ежы, а знямоглых дабівалі. Некалькі сотняў забітых засталіся ляжаць на гэтым крыжовым шляху…

Дайшоўшы да  Вулы, калона перайшла мост цераз Дзвіну. У гэты час наляцелі нямецкія самалёты. Канваіры спужаліся, найперш за свае жыцці, бо такая вялікая група была добрай мішэнню, і Прыёмышаў загадаў знішчыць усіх вязняў. Іх паклалі на зямлю і расстралялі з кулямётаў, а тых, хто застаўся  жывым,  дабілі штыхамі. Чэкісты гэтак спяшаліся, што пакінулі целы ляжаць на месцы. Некалькім выжыўшым удалося збегчы. На наступны дзень прыехала спецкаманда НКВД, якая загадала мясцовым сялянам вывезці целы ў бліжэйшы лясок і закапаць. Афіцыйныя крыніцы падаюць інфармацыю пра 714 забітых, аднак сведка Павал Кожух, якому ўдалося ўратавацца, чуў з размовы канваіраў іншую лічбу — 1773. Некалькі чалавек, якім удалося ўцячы, таксама не пакінулі жывымі  – іх схапілі і таксама расстралялі.

Дазнаўшыся пра несанкцыянаваныя дзеянні, вайсковы пракурор Віцебскага гарнізону Глінка загадаў арыштаваць Прыёмышава . Ён напісаў начальству дакладную запіску, у якой канстатаваў, што: “… начальник тюрьмы Глубокского района Вилейской области, ныне начальник Витебской тюрьмы, сержант госбезопасности, член ВКП(б), который 24 июня вывел из Глубокской тюрьмы в Витебск 916 осужденных и следственно-заключенных. По дороге этот начальник тюрьмы Приёмышев  в разное время в два приема перестрелял 55 человек, а в местечке около Уллы, во время налета самолета [противника] он дал распоряжение конвою, которого было 67 человек, перестрелять остальных … По его [Приемышева] заявлению <…> было перестреляно 714 заключенных. Нами по личным делам установлено, что среди этих заключенных более 500 человек являлись подследственными,  то есть не осужденными, и несмотря на это, без всяких оснований они все же были незаконно перестреляны”.

Першы сакратар ЦК КП(б) БССР і член Ваенсавету Заходняй ваеннай акругі Панцеляймон Панамарэнка палічыў дзеяньні начальніка турмы абгрунтаванымі і загадаў яго  адпусьціць беспакараным.

На месцы пахавання ахвяраў з ініцыятывы іхных сваякоў і пры дапамозе польскае Рады памяці ахвяраў змагання і пакутаў  у Мікалаёве ўсталяваны помнік. Бетонная паласа сімвалізуе тую жахлівую дарогу, па якой выпала прайсці вязням. На адным яе баку – выява  камеры з кратамі і подпісам «Беразвечча», на другім – крыж, месца загубы. На шыльдах па-польску і па-беларуску напісана: «Тут пахаваны некалькі тысяч палякаў і людзей іншых нацыянальнасцей, вязняў турмы ў Беразвеччы, якія загінулі 26.06.1941 г. у Мікалаёве. Прысвячаецца памяці ўсіх ахвяраў «Смяротнага шляху». Спачывайце ў спакоі». Штогод 26 чэрвеня, у дзень расстрэлу, ля помніка адпраўляецца памінальная служба.