Пра расстрэлы людзей у 1937-38 гады ў лесе каля вёскі Хайсы распавядае мясцовы жыхар Дрындрожык Васіль Емельянавіч, 1929 года нараджэння:
– Бацька мой, Емяльян Ануфрыевіч Дрындрожык, быў конюхам. Коней пас. У канцы вёскі, трошкі правей – лес. Ён так гта апісваў: “Прывезлі, пачалі страляць, а коні пачалі хрыпець. У мяне валасы на галаве дыбам. І ўсё”. Яшчэ памятаю, дзядок у гэтым доме жыў. Ён пойдзе ў лес, сукоў наламае, прысядзе і паліць. Падыходзяць вайскоўцы: “Што ты тут робіш? Ідзі адсюль! Каб цябе тут не было, а то пойдзеш ямы капаць! ” Карпенка, здаецца, яго звалі. Я малы тады яшчэ быў.
Бацька Васіля Емяльянавіча не бачыў расстрэлаў, але чуў стрэлы ў лесе. Распавядаў, што гэта дакладна было да вайны, у 1937-38 гадах. Васіль Дрындрожик апісвае месца, якое ведаюць усе мясцовыя жыхары:
– У лесе, там прагалы былі. Горачка там. Цяпер там усё зарасло, але я памятаю, калі ў грыбы хадзілі, то людзі казалі: “Вось ямы, ямы”. Ад вёскі кіламетры паўтара. Вось поле аруць, а за полем лес. І там недалёка тое месца. Там раней праз чыгунку быў пераезд. Там брыгадзір жыў, чыгуначнікі жылі. Адтуль з шашы людзей завозілі, налева. Вяскоўцы казалі, што на месцах расстрэлаў у ямах, што праваліліся, нават жаночыя грабяні знаходзілі. Відаць, і жанчын стралялі тады. Потом яшчэ казалі, што ў Цёплым лесе таксама расстрэльвалі. Гэта каля Лужасна.