Анатоль Савіцкі: Упершыню аб расстрэлах даведаўся ад дзеда Лявона ў пяцідзясятыя гады

Савіцкі Анатоль Генадзьевіч, 1937 г. н, жыхар вёскі Хайсы, даведаўся пра месцы расстрэлаў беларускіх грамадзян, рэпрэсаваных падчас сталінскага тэрору, ад бацькоў і знаёмых:

– Упершыню аб расстрэлах даведаўся ад дзеда Лявона ў пяцідзясятыя гады. Тады ў кожнага вяскоўца была карова. Пасвілі кароў, вялі розныя размовы. Неяк Лявон распавёў, што да вайны ноччу чуў стрэлы.

Дзед Лявон паказаў, як знайсці месца расстрэлаў. Анатоль Савіцкі гэта запомніў: 

-Калі, не даходзячы метраў сто да могілак у Хайсах, павярнуць направа ў бок лесу, то праз кіламетр – паўтара дарога прывядзе туды, дзе расстрэльвалі. Прыкладна паказаў нам месца, дзе гэта было. Распавёў дзе – што. Мы з яго ўнукам Эдзікам Баравым малымі яшчэ былі. Гадоў дванаццаць нам было. Ну, не больш за пятнаццаць. Аднойчы мы з Эдзікам пайшлі на гэтае месца. Мы –  хлопцы, нам цікава. Знайшлі мы гэта месца па ўпадзінам. Месца там пясчанае. Я ўзяў палку, стаў капаць, пясочак лёгка капаецца. Эдзік таксама капаў. І раптам мне трапілася туфель. Спачатку не бачны быў, а потым выкапаў жаночы туфель. Нам стала непрыемна, і мы з Эдзікам уцяклі з гэтага месца. Далей капаць не сталі… Распавядаліпра тыя падзеі  і іншыя мясцовыя жыхары. Хтосьці бачыў, хтосьці чуў па начах стрэлы. Усё гэта насцярожвала. Усе гэтыя старыя даўно ўжо памерлі. Ужо нікога не засталося, хто б мог сказаць нешта больш канкрэтнае. Людзі ведалі, што расстрэльвалі, чуткі хадзілі. Факты – самі ямы, упадзіны. Яны пра нешта ж кажуць. Яны –  не выдумкі нейкія.