Сведчанні пра рэпрэсаваных на Лепельшчыне збіраў мясцовы жыхар Анатоль Шуневіч. Ён нарадзіўся ў вёсцы Валова гара, і з дзяцінства ведаў: некалькі сем’яў у ягонай вёсцы ды ў суседніх Барсуках — гэта сем’і рэпрэсаваных, высланых або расстраляных у гады сталінскага тэрору за «антысавецкую агітацыю» або «шпіянаж на карысць Польшчы». Напрыканцы 1980-х ён вырашыў занатоўваць успаміны землякоў:
– Паехаў на малую радзіму і ўбачыў, што адзін за адным адыходзяць сваякі рэпрэсаваных. Узяўся збіраць іхныя гісторыі, каб засталася памяць хаця б пра гэтых людзей, з Валовай Гары і Барсукоў. Неўзабаве выклікаюць у райкам партыі: ты ж камуніст, а чым займаешся? Глядзі, будуць праблемы! Не маеш права распытваць пра сталінскія часы, гэта могуць толькі кампетэнтныя органы! Нехта ўжо „настучаў“. Але я сказаў, што нічога не баюся!
Арышты праводзілі ноччу. Каля весніц спынялі «крумкача», абкружалі хату, заходзілі ды забіралі ахвяру. Допыты «вінаватых» вяліся ў лепельскай турме, якая й цяпер стаіць амаль у цэнтры гораду. Пасля прысуду арыштаваных ці скіроўвалі ў Воршу, ці расстрэльвалі ў самім Лепелі – на тэрыторыі каля турмы, якая пазней стала гарадкім садам “Дынама”. У час вайны тут расстрэльвалі мірнае насельніцтва і фашысты… На іх і спісалі ўсе забойствы, калі ў 1967 годзе, падчас будаўніцтва на гэтым месцы сярэдняй школы № 3, экскаватары цэлымі каўшамі даставалі з зямлі чалавечыя косткі. Бывала, што чарапамі з дзіркай у патыліцы тагачасныя савецкія падлеткі ліха гулялі ў футбол. А пасля парэшткі сабралі ды некуды вывезлі.
Анатоль Шуневич не раз чуў ад людзей, што вязняў мясцовай турмы расстрэльвалі і дзесьці на беразе Лепельскага возера. Але без сведак тое месца ўжо ня знойдзеш.