Бельчыцы пад Полацкам

Бельчыцы пад Полацкам

3-га лістапада 1990 г. каля могілак у прыгараднай вёсцы Бельчыцы з’явіўся першы мемарыяльны крыж у  памяць пра расстраляных у сталінскія часы нявінных ахвяраў.  Праект памятнага знака быў загадзя ўзгоднены з Полацкім райвыканкамам: тады , у пачатку 1990-х, мясцовыя ўлады імкнуліся спрыяць ушанаванню памяці ахвяраў сталінізму. Напярэдадні па загадзе райвыканкаму было прывезена 4 машыны жвіру, па распараджэнні чыноўнікаў нават  праклалі асфальтаваную дарожку да мемарыяльнага месца — рэшткі яе відаць яшчэ й дагэтуль….

Чальцы Беларускага Народнага Фронту пранеслі крыж на плячах з самага горада. На адкрыцці  карэнныя жыхары Бельчыцаў дзяліліся ўспамінамі. Расказвалі, што ў лесе за могілкамі і адбываліся расстрэлы. Там быў раней суцэльны лес, а потым частку яго знішчылі — калі пракладалі шашу з Полацку на Менск.  Яна, выходзіць, ляжыць на чалавечых костках.

Першы крыж  праз  некалькі год зламалі вандалы. Яго адрамантавалі, але побач паставілі новы  – замовілі яго цеслярам, якія працавалі на адной з бліжэйшых фермаў. Але праз колькі часу ўсё ж пастанавілі, што крыж павінен быць больш трывалы — жалезны.

-Дэмакратычныя актывісты супольна набылі жалезныя трубы, і крыж зрабіў зваршчык, які тады працаваў у касцёле. Здаецца, задарма зрабіў, нават грошы за працу не ўзяў. Крыж быў зроблены паводле прапорцыяў крыжа Ефрасінні Полацкай, толькі ў маштабе 1 да 10. Над зямлёй ягоная вышыня 5 метраў 20 сантыметраў, а яшчэ паўтара метры — пад зямлёй. Працы было шмат: спачатку капалі яму, залівалі ў яе бетон. У яго спачатку ставілі жалезную трубу большага дыямэтра, а потым ужо ў яе ўстаўлялі крыж. Было гэта 18 траўня 1998 году, мне якраз у той дзень споўнілася 40 гадоў», – прыгадвае полацкі актывіст КХП БНФ  Мікола Шарах.

У падножжы крыжа – каменная горка, а на ёй  шыльда са словамі “Ахвярам генацыду ад нашчадкаў, не страціўшых памяць”.