Складаная эпідэміялагічная абстаноўка не спрыяла супольнай актыўнасці на працягу 2020 г. Але на Дзяды ўдзельнікі ініцыятывы “Хайсы- віцебскія Курапаты” сабраліся разам, каб адведаць месцы сталінскіх расстрэлаў пад Віцебскам. На ўзлеску каля вёскі Паляі, дзе шмат гадоў існуе самаробны мемарыял у памяць пра ахвяраў сталінізму, быў усталяваны новы інфармацыйны стэнд. Таксама актывісты наведалі месцы пахавання парэшткаў, знойдзеных у лесе каля вёскі Хайсы, і мемарыял, створаны цягам апошніх пяці гадоў. Людзі запалілі свечкі ў памяць пра сваіх папярэднікаў, усклалі кветкі да крыжоў і ўшанавалі памяць бязвінна забітых хвілінай маўчання.