У 2019 годзе ў лесе каля вёскі Хайсы з’явіўся помнік ахвярам сталінскім рэпрэсій. Ён дапоўніў мемарыял з трыма крыжамі на ўзлеску. Добраўпарадкаванне і ўсталяванне помніка за ўласныя сродкі ўзяў на сябе прадпрымальнік Аляксандр Швейба, даведаўшыся пра сталінскія расстрэлы ў гэтых мясцінах. На адкрыццё помніка сабраліся госці з Мінску – актывісты Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ, а таксама аршанцы – прадстаўнікі ініцыятывы нашчадкаў ахвяр сталінізму «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы», віцябляне і жыхары бліжэйшых вёсак, дзе аповеды пра расстрэлы ў лесе перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Асвяціў помнік ксёндз Віктар Місевіч.
На Дзяды людзі зноў сабраліся на жалобную імпрэзу: у “расстрэльным” лесе быў усталяваны помнік латышам – жыхарам Віцебскага раёну, расстраляным падчас сталінскага тэрору “па нацыянальнай прыкмеце”. З архіўных звестак удзельнікі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” даведаліся прозвішчы больш як 60-ці чалавек, расстраляных 4 красавіка 1938 году паводле аднолькавага абвінавачання — за нібыта дзейнасць у «латышскай контррэвалюцыйнай арганізацыі». Іх імёны напісаныя на помніку. Яго асвяціў віцебскі біскуп Алег Буткевіч.
Вынікі працы ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” былі падсумаваныя на адкрыцці аднайменнай фотавыставы, якую прэзентавалі гледачам у віцебскім касцёле Езуса Міласэрнага. Фотавыстава перасоўная, і цягам 2019-2020 гг. яе ўбачылі жыхары Полацка, Глыбокага, Мёраў ды іншых райцэнтраў Віцебшчыны.