У вёсцы Будзілаўка Докшыцкага раёна з’явіўся памятны знак ахвярам рэпрэсій.
Ініцыятарам стаў доктар гістарычных навук, прафесар Мікалай Печань. Ен сабраў звесткі аб сваіх рэпрэсаваных родных і аднавяскоўцах, з’ездзіў у Оршу, прывёз зямлю з Кабыляцкай гары, дзе ў гады рэпрэсій было расстраляна больш за 20 тысяч чалавек. 25 ліпеня 2021г. унукі і праўнукі тых, чые імёны запісаны на чорнай пліце, заклалі капсулу з зямлёй ля падножжа вялікага каменя, паведамляе Докшыцкая раённая газета “Родныя вытокі”.
Ураджэнец Будзілаўкі Мікалай Печань шмат гадоў працаваў у Расіі, у Галоўным палітычным упраўленні СА і ВМФ, Інстытуце ваеннай гісторыі Мінабароны РФ, быў намеснікам начальніка Цэнтральнага музея узброеных сіл РФ, 16 гадоў выкладаў расійскіх ВНУ. У інтэрв’ю газеце “Беларусь сегодня” Мікалай Печань расказаў, што не першы год даследуе гісторыю свайго роду і па крупінках аднаўляе лёсу рэпрэсаваных сваякоў. Ён пабываў у архівах КДБ Магаданскай вобласці, УУС Віцебскай вобласці, Масквы. Знайшоў асабістыя справы дзядоў, акты аб смерці і нават пасмяротныя адбіткі пальцаў. Родны брат дзеда Мікалая Анатольевіча, Архіп Печань, нібыта быў агентам польскай выведкі, хоць адвучыўся усяго два класы, па-польску ні слова не ведаў і распісвацца не ўмеў. Расстраляны і пахаваны ў Оршы ў 1938 годзе. Падобны лёс быў і ў дзеда Гаўрыіла Печаня. З матэрыялаў інфармацыйнага цэнтра УУС Віцебскай вобласці ўнук даведаўся, што тры гады, з 1934 па 1937-ы, яго дапытвалі. Прычым даносы слалі суседзі. У 1938 годзе яго арыштавалі і расстралялі як польскага шпіёна. Бабуля Еўдакія не ўзяла шлюб пасля арышту дзеда, і да самай смерці насіла заручальны пярсцёнак, які муж зрабіў ёй з срэбнай манеты. Самага малодшага дзедавага брата майго дзеда, Мікалая Печаня, арыштавалі ў 1938 годзе, моцна збівалі. Сукамернікі падказалі падпісаць усё, што просяць, інакш жывым не выпусцяць. Як толькі яшчэ аднаго польскага шпіёна «раскалолі», дзеду Мікалаю прынеслі вялікі кубак кавы і на допыты больш не выклікалі. Яго адправілі ў лагер у пасёлку Сусуман пад Магадане на 10 гадоў. Два месяцы везлі цягніком да Уладзівастока, потым параход, паром. Дзед Коля успамінаў, як на пароме пакутнікі паміралі. Нябожчыкаў адцягвалі ўбок і праз пару дзён выкідалі ў адкрытае мора. Ці як кармілі ў дарозе: адкрыюць люк, кінуць кошык іржавых селядцоў, згаладалыя небаракі накінуцца, а потым ад смагі вар’яцеюць… Пасля 10 гадоў зняволення дзеда Мікалая вызвалілі. Але выехаць з тайгі ў родныя мясці ны не было ніякай магчымасці. Пару дзён дзед пахадзіў вакол лагера і зноў праз плот палез назад. Вартавы на страляў,павёў да начальніка, а ён за парушэнне правілаў лагера дадаў яшчэ дзесяць гадоў. Дзед са сваёй торбачкай вярнуўся на нары, і так да 1956 года…
У пошуках дакументаў пра сваякоў Мікалай Печань адшукаў і асабістую справу яшчэ аднаго дзеда – матчынага бацькі, Клімента Курныша. Ён адбываў тэрмін у суседнім лагеры нібыта за тое, што прымаў на кватэры шпіёнаў, распаўсюджваў правакацыйныя чуткі і рыхтаваў дыверсіі ў ваенны час. У справе былі адбіткі пальцаў дзеда Клімента, прыжыццёвыя і пасмяротныя. Унук знайшоў акт пра смерць, датаваны 10 сакавіка 1940 года: “Пахаваны ў 1,5 кіламетра ад лагера ў сподняй бялізне галавой на ўсход, галава пакрыта, рукі складзеныя на грудзі, ёсць бірка з дадзенымі”.
Многія гады праз лёсы сваіх дзядоў Мікалай Печань распавядаў гісторыю краіны студэнтам у ВНУ. У складчыну з раднёй пецярым дзядам, абаронцам Айчыны і ахвярам тэрору, сваякі ўсталявалі і помнік на будзілаўскіх могілках.