Людзей расстрэльвалі за плотам

Аляксандр Васільевіч Разбаеў, які жыве ў вёсцы Хайсы, ведае пра растрэлы людзей сталінскімі катамі са словаў бацькоў. У прыватнасці, пра гэта распавядаў ягоны бацька, Васіль Дзмітрыевіч, 1928 года нараджэння.

 

Ён казаў пра так званыя “чорныя варанкі”, якія доўгі час вазілі людзей на агароджаную плотам тэрыторыю ў лесе, – прыгадвае Аляксандр Васільевіч.

 

У якасці арыенціра вяскоўцы, якія чулі пра “сталінскія” расстрэлы, прыгадваюць чыгуначны пераезд. Яго ўжо няма, але старажылы памятаюць тое месца. Якраз насупраць, дзе ўздоўж чыгункі ідзе шаша Віцебск-Гарадок, абсталявана аўтамабільная  стаянка. Калі перайсці рэйкі ў гэтым месцы, то можна ўбачыць мемарыяльны крыж на ўзлеску, які нагадвае пра  трагічныя падзеі сталінскага тэрору. Крыж і ўказальнікі да невядомых пахаванняў у лесе, дзе дагэтуль знаходзяць чалавечыя косткі, усталявалі ўдзельнікі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты”.