На месцы расстрэлаў на зямлі ляжалі адзенне і косткі

Любоў Уладзіміраўна Цюленева нарадзілася ў 1952 годзе ў вёсцы Дрыколле. Яна прыгадвае словы маці, Клёцкінай Валянціны Максімаўны, 1925 года нараджэння, якая распавядала ёй, што да вайны і ў вайну ў ближэйшым лесе расстрэльвалі людзей.

 

 – І я сама, калі хадзіла раней у грыбы, бачыла ў лесе, там, дзе ўзгорак, што вядуцца нейкія раскопкі. На паверхні зямлі можна было пабачыць падэшвы ад абутку, боты, шапкі-вушанкі, а таксама чалавечыя косткі. Ды й зусім нядаўна там усё гэта можна было пабачыць, – кажа Любоў Уладзіміраўна.

 

Чалавечыя косткі мясцовыя жыхары знаходзілі ў лесе аж да 2017-га года – пакуль не забілі трывогу ўдзельнікі грамадскай ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты”. Яны патрабавалі расследавання злачынстваў сталінізму, а таксама мемарыялізацыі гэтых мясцін, дзе знайшлі свой апошні спачын нявінна забітыя людзі. Мясцовыя ўлады выклікалі вайскоўцаў-пашукавікоў, якія сабралі чалавечыя парэшткі, але пахаваць іх адпаведным чынам не ўдалося. Па распараджэнні Віцебскага райвыканкама косткі перапахавалі ў двух месцах: часткова  – на брацкіх могілках як парэшткі ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны, а часткова – на грамадзянскіх могілках у аграгарадку Мазалава, таксама не пазначыўшы, што парэшткі належаць ахвярам сталінскіх рэпрэсій.