“…Нібыта ўзаралі могілкі”

Ігар Віктаравіч Духовіч прыгадвае, што ў дзяцінстве і юнацтве шмат часу праводзіў у веласіпедных вандроўках, у кампаніі равеснікаў вывучаючы наваколлі Віцебска. Увесну 1974 года з імі адбылася падзея, якая засталася ў памяці Ігара Віктаравіча да гэтай пары.

 

Аднойчы іхная дзіцячая кампанія на веласіпедах апынулася ў наваколлі Хайсоў. Па асноўнай дарозе ездзіць на веласіпедзе было небяспечна, бо дарога была вузкая, і на ёй было шмат машын. Гэтыя машыны ўвесь час да таго ж сігналілі, і дзецям  ездзіць па асноўнай дарозе не падабалася. Ахвотней яны каталіся па прасёлкавых дарогах панавокал. Вось і падчас гэтае вандроўкі дзеці на веласіпедах праехалі крыху далей за птушкафабрыку і з’ехалі на прасёлкавую дарогу. Мясціны былі незнаёмыя, але прыгожыя. Дарога была даволі пакручастая, і праз пэўны час яна ўпёрлася ў альховыя ды лазовыя кусты. Тут дзеці вырашылі ехаць назад, бо далей было брудна. Але ў гэты момант яны заўважылі раскіданыя на полі каля кустоў косткі. Можна было зразумець па слядах трактара, што яны былі выкапаныя  падчас узворвання зямлі. Косткі ляжалі ўздоўж края лесу, прыблізна праз кожныя 5-10 метраў. Сярод іх пазнаваліся характэрныя чалавечыя бярцовыя косткі. На пэўнай адлегласці хлопчыкі знайшлі і чалавечы чэрап.

 

– Менавіта тое, што чалавечыя косткі і чэрап ляжалі проста на полі, у такім неадпаведным месцы і непаважным выглядзе, паспрыяла таму, што гэты выпадак так выразна адбіўся ў памяці, – не хавае эмоцый Ігар Віктаравіч.

 

Пазней Ігар Віктаравіч сутыкнуўся з падобным відовішчам ужо дарослым чалавекам, калі выпісаў дровы ў Лужаснянскім лясніцтве. Непадалёк ад таго ж месца, прашоўшы праз альховыя ды лазовыя кусты далей па той самай дарозе, Ігар Віктаравіч зноў пабачыў раскіданыя чалавечыя косткі.

 

 – Цяпер, калі прайшло столькі гадоў, гэтае відовішча прыгадваецца як кашмарны сон. Нават самому часам ня верыцца, што бачыў такое. Нібыта ўзаралі могілкі, – кажа Ігар Віктаравіч.