Вяскоўцы былі пэўныя, што расстрэльвалі не немцы

Пракапенка Аляксандр Аляксандравіч чуў пра рэпрэсіі і расстрэлы рэпрэсаваных ад свае маці, Алены Нікіфараўны, якая падчас акупацыі жыла ў вёсцы Дрыколле. Яна нарадзілася ў 1907 годзе.

 

 – Па начах прывозілі людзей і расстрэльвалі ў лесе, казала маці. Было гэта перад вайной, недзе ў 1937 і 1938 гадах. Многія, амаль усе ў вёсцы пра гэта ведалі”, кажа Аляксандр Аляксандравіч.

 

Хто дакладна праводзіў расстрэлы, вяскоўцы не ведалі. Але ўпэнена сцвярджалі, што гэта былі не немцы, і што расстрэлы адбываліся яшчэ да пачатку Другой Сусветнай вайны. Тым не менш, пра чалавечыя парэшткі, знойдзеныя ў 2014г. у лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле, археолаг 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Вадзім Тамілін выказаўся  безапеляцыйна: «відавочная сувязь дадзенага пахавання з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны». І афіцыйныя ўлады пахавалі іх на брацкіх выйсковых могілках на станцыі Лужасна, назваўшы невядомых забітых людзей ахвярамі ваеннага часу.