Адразу пасля вайны ў лесе праваліліся ямы, а на іх былі косці

Валянціна Васільеўна Нікіценка нарадзілася ў 1937 годзе. Пра расстрэлы ў лесе каля вёскі Хайсы ёй распавядалі маці і бацька.  Яны казалі, што машыны, якія называлі “Чорны воран”, прывозілі на расстрэлы людзей. Везлі іх у канец вёскі і ў лес. Валянціна Васільеўна памятае, што калі яна з іншымі дзецьмі пасля вайны пасвіла кароў і коз у тых мясцінах, то бачыла ямы, а на іх зверху былі косці.

“Расстрэльны” лес быў спілаваны немцамі падчас Вялікай Айчыннай вайны, кажа Валянціна Нікіценка. А пасля вайны мясцовыя калгасы выкарчавалі пні ад таго лесу і зрабілі на тым месцы поле. Ямы зраўнялі, а поле штогод аруць, не зважаючы не тое, што гэта вялізная брацкая магіла ахвяраў сталінізму.

Неабыякавыя да праблемы захавання памяці грамадзяне ўсталявалі на ўскарайку поля самаробны мемарыял у напамін пра расстраляных у гэтых мясцінах падчас “сталінскіх” рэпрэсіяў бязвінных людзей.