Дзеці хадзілі глядзець на начныя расстрэлы

Доктар ветэрынарных навук, былы загадчык кафедры зоагігіены Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, выдатнік адукацыі, вязень канцлагера «Пяты полк»  Генадзь Аляксандравіч Сакалоў быў у даваенныя гады яшчэ малым хлопчыкам. Ён нарадзіўся ў 1931 годзе ў вёсцы Казакі Віцебскага раёна, у 1937 годзе сям’я пераехала ў пасёлак Лужасна. Бацька быў млынаром, маці глядзела за гаспадаркай.  Генадзь Аляксандравіч распавядае, што ў Лужасне было вядома пра “сталінскія” расстрэлы ў так званым Цёплым лесе, які месціцца за пасёлкам.

 

— Мы прыехалі ў Лужасна ў 1937 годзе. І аднойчы мой старэйшы брат Валянцін позна недзе загуляўся, маці пачала хвалявацца, а калі ён вярнуўся, то пачала дапытвацца, дзе ён быў. І брат распавёў, што ён і старэйшыя дзеці хадзілі ў лес, каб глядзець на расстрэлы.

Яны расказвалі, што апоўначы ў лес прыязджаюць машыны з людзьмі, якіх на іхных вачах і расстрэльвалі, – распавёў Генадзь Сакалоў.

 

Аднойчы старэйшыя дзеці  ўзялі з сабою і зусім малога тады Генадзя Аляксандравіча. Дзеці стаялі на гары, а ўнізе, каля дарогі ў лагчыне яны бачылі святло ад машын, і як у тым святле мітусіліся людзі. Генадзь Сакалоў дагэтуль памятае тое месца:

 

– Вось яна – высокая гара, абрыў, і там унізе ля самай балаціны расстрэльвалі. Гара якраз насупраць  чыгуначнай станцыі Лужасна, можа, крыху правей. Мяне старэйшыя з сабой браць не хацелі, і я, канечне, ледзьве за імі паспяваў, пад гару. Прыйшлі на месца, сядзелі, чакалі. Гадзінніка ў нас не было, але прыблізна дзесьці ў поўнач прыехала машына. Выйшлі некалькі чалавек і некаторы час хадзілі там, унізе. Затым: пах-пах. І другі раз: пах-пах. І  нехта крычаў. Як мне падалося,“Да здравствует Сталін!” Як пачалі страляць, мы кінуліся бегчы.

 

Генадзь Сакалоў кажа, што сведкамі расстрэлаў былі не толькі дзеці, але і дарослыя.  Людзі гаварылі, што зняволеных прывозілі з Віцебска. Пагалоска пра начныя жахі доўга хадзіла па наваколлі.  Расстрэльвалі ахвяраў на мяжы невялікага балотца і сушы, каб забітых пасля таго можна было хутчэй закапаць. І месца тое людзі называлі «праклятым».