У Цёплы лес людзі з навакольных вёсак хадзіць баяліся

У 1968-1970 гг. жыхарка Віцебска Галіна Магучая вучылася ў тэхнікуме ў пасёлку Лужасна. Студэнтам гэтага тэхнікума не рэкамендавалася хадзіць у лес паблізу Лужасна, які называўся “Цёплым”. Выкладчыкі тэхнікума казалі студэнтам, што той лес “нядобры”, што там знаходзяцца пахаванні – ці то “ворагаў народа ”, ці то “бандытаў”. Было вядома, што туды і людзі з навакольных вёсак не хадзілі, баяліся.

 

 – А неяк увесну я дужа кветак захацела, і ўсё ж пайшла ў той лес. Там жа краявід прыгожы, і ёсць высокая-высокая гара. І я вырашыла пайсці на тую гару, а потым спусцілася ніжэй, да дарогі на Рубу, дзе былі блакітныя кветкі. Там я ўбачыла ямкі. Яны былі падобныя на акопы, якіх я бачыла шмат. І таму я ўвагі на іх не звярнула, – прыгадвае Галіна Магучая. 

 

Ва ўспамінах старажылаў Цёплы лес часта фігуруе  як месца «сталінскіх» расстрэлаў . Прыкладам, пра гэта згадвае Сакалоў Генадзь Аляксандравіч, які жыў тут побач, калі быў дзіцем. Ен расказаў, што ў дзяцінстве яны з двума хлопцамі пайшлі ў змярканні ў Цёплы лес. І ўбачылі, што пад’язджае машына, спыняецца, не выключыўшы фар. З кузава выганяюць людзей – хлопцы бачылі іх фігуры і потым чулі стрэлы. Прычым тут такое было шмат разоў, а не аднойчы.