“Лёс братоў Пятра і Хрыстафора Даркевічаў склаўся трагічна: абодва былі арыштаваны ў Віцебску ў адзін і той жа дзень – 27 красавіка 1937-га, асуджаны 20 кастрычніка, а праз два тыдні таго ж года расстраляны па артыкуле 58 пункт 10 – “Контррэвалюцыйная дзейнасць”. Праз 20 гадоў, 6 верасня 1957-га, Вярхоўным судом БССР быў рэабілітаваны “за адсутнасцю складу злачынства” Пётр, а 12 сакавіка 1961-га – Хрыстафор. Першы – мастацтвазнаўца, педагог, чытаў лекцыі па гісторыі сусветнага мастацтва ў вучылішчы, а таксама ў кінатэхнікуме і педагагічным інстытуце. Другі – мастак-жывапісец і манументаліст, таксама педагог Віцебскага мастацкага вучылішча. Сёння пра іх мала хто ведае…”