У Валянціны Дробышавай, жыхаркі пасёлка Лужасна, не засталося ніводнага бацькавага фотаздымка. Усё знішчыла вайна. Адзінае, што яна памятала пра бацьку, — гэта дзень, калі яго забіралі ў турму як “замежнага шпіёна”:
– Гэта было 7 снежня 1937 года, каля поўначы. Да нас пастукаліся, а потым зайшлі двое незнаёмых людзей . Сказалі, што будуць шукаць у нас зброю. З мэблі ў нас амаль нічога не было, толькі ложкі, стол, шафа… Дык яны адразу палезлі ў шафу. Нічога не знайшоўшы, загадалі тату: “Збірайцеся, пойдзем. Паперы падпісаць трэба”. Маці кажа: “Якія паперы пасярод ночы ? Вы яго забіраеце, значыць, ён больш сюды ня вернецца!” А я памятаю, што бацька нават распісацца ня ўмеў — крыжык ставіў, прачытаць нічога ня мог! Які з яго шпіён?
Пазней маці Валянціны Дробышавай даведалася, што бацьку пасадзілі ў віцебскую турму НКВД. І ягоная «віна» была толькі ў тым, што ён меў літоўскае прозвішча Шпеліс. У тую самую ноч былі арыштаваныя яшчэ некалькі мясцовых жыхароў з польскімі або літоўскімі прозвішчамі. Усе яны трапілі пад хвалю «змагання з замежнымі шпіёнамі». А сям’я стала “ворагамі народу” працягвае спадарыня Валянціна:
— Сястра была камсамолка — яе выключылі з камсамолу, брат быў піянер — і яго выключылі з піянераў. Маці кудысьці хадзіла, пыталася пра бацьку, насіла ў турму перадачы – сала, споднюю бялізну. Паўгода, са снежня 1937 года, яна хадзіла ў тую турму, у яе бралі перадачы. А потым аказалася, што бацька яшчэ ў студзені быў расстраляны. Мне потым дакументы далі, калі расстралялі, у каторы дзень. Толькі сказалі, што не пакажуць тое месца, дзе ён расстраляны і пахаваны.
Валянціна Дробышава атрымала пасведчанне, у якім прычынай смерці бацькі названы расстрэл. І пасведчанне пра ягоную рэабілітацыю. Аднак заставалася мара, каб зрабіць хаця б сімвалічную бацькаву магілу. Даведаўшыся пра невядомае пахаванне каля вёскі Хайсы, якое мясцовыя жыхары лічаць месцам расстрэлу ахвяр сталінскіх рэпрэсій, жанчына вырашыла: раз падобная смерць напаткала і ейнага бацьку, менавіта ў гэтым месцы варта ўзяць зямлі для сімвалічнага пахавання. Ідэю ўзяліся ажыццявіць сваякі спадарыні Валянціны, якая ўжо ня мела здароўя далёка адыходзіць ад дому. Разам з удзельнікамі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” у лес, дзе дагэтуль знаходзяць непахаваныя чалавечыя парэшткі, паехала пляменьніца Ірына з сынам, нявесткай і малым унукам. Яны набралі зямлі з тых мясцін, дзе знайшлі свой апошні спачын дзясяткі, а то і сотні бязвінна забітых, завезлі зямлю на могілкі і высыпалі побач з магілай маці Валянціны Дробышавай, якая страціла мужа ў гады сталінскага ліхалецця.