У лістападзе 2014 г. стала вядома пра яшчэ адны “віцебскія Курапаты”. Віцебскія журналісты і актывісты на свае вочы ўбачылі ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле чалавечыя косткі і чарапы. Мясцовыя жыхары пацвердзілі, што ў гэтых мясцінах у 1930-я гады расстрэльвалі людзей. 14 лістапада тут у першы раз ушанавалі памяць ахвяраў: ў трох месцах, дзе былі самыя вялікія яміны з парэшткамі, усталявалі мемарыяльныя крыжы. Адзін з іх — каля сімвалічнай магілы, дзе святар грэка-каталіцкай царквы айцец Зміцер Грышан адслужыў паніхіду.
Каб атрымаць афіцыйнае пацверджанне, каго забівалі ў гэтым лесе, віцебскія сябры КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў, Пётар Сарапеня, Алег Емяльянаў і Сяргей Каваленка падалі заявы ў абласную пракуратуру, следчы камітэт і міліцыю, бо справы па забойствах людзей не маюць тэрмінаў даўнасці.