У сакавіку 2015г. была створана грамадская ініцыятыва “Хайсы –віцебскія Курапаты”. Актывісты вырашылі стварыць яе, каб ад імя ініцыятывы звяртацца да ўладаў у справе ўшанавання памяці ахвяраў сталінізму, расстраляных пад Віцебскам. Пасля першага зварота актывістаў у міліцыі, следчы камітэт і пракуратуру, на месца загубы людзей у лесе каля вёски Хайсы прыязджалі прадстаўнікі ўпаўнаважаных структураў, яны забралі частку парэшткаў на экспертызу, якую праводзілі ў Мінску. Экспэртыза здолела вызначыць толькі адно: што гэтым парэшткам больш за 50 гадоў. А прычыну і даўніну смерці вызначыць нібыта немагчыма. І таму парэшткі, якія пабылі на экспэртызе спачатку ў Віцебску, а потым у Менску, перадалі службам ЖКГ для пахавання. Дзе яны ўрэшце пахаваныя, дагэтуль не вядома.
Пра тое, што чалавечыя парэшткі з’яўляюцца на паверхні зямлі пасля працы “чорных капальнікаў”, актывісты паведамілі кіраўніцтву мясцовага Мазалаўскага сельвыканкама. Старшыня сельвыканкама Леанід Дубіна пабываў у “расстрэльным” лесе, але заявіў, што ў яго “няма грошай на помнікі”. Пахаванні бачыў і святар праваслаўнай царквы з вёскі Лужасна, айцец Міхаіл. Спачатку ён пагадзіўся, што памяць расстраляных трэба ўшанаваць згодна з царкоўнымі канонамі, але больш не выходзіў на кантакт з актывістамі.Тым часам у лес працягвалі наведвацца “чорныя капальнікі”, якія рабілі раскопкі і выкідалі не патрэбныя ім чалавечыя парэшткі, фрагменты адзення і абутку. Зніклі і некалькі крыжоў, усталяваных тут удзельнікамі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты”.
У “расстрэльным” лесе пабывалі навукоўцы Мікалай Крывальцэвіч і Валянціна Вяргей. Яны адзначылі спецыфічнае месцазнаходжаньне костак — яны ляжаць палосамі, перасыпаныя жвірам. Такое ж навукоўцы бачылі ў Курапатах, калі расстраляных закідвалі зямлёй, а зверху зноў хавалі людзей, забітых пазней, і так у некалькі шэрагаў…
Увосень на месцы расстрэлаў пабываў адмысловы 52-гі пашуковы батальён, які займаецца пахаваннямі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – іншай структуры для працы з чалавечымі парэшткамі ў Беларусі няма. Актывістаў да месца раскопак не падпусцілі. Мазалаўскаму сельвыканкаму было перададзена не менш як 40 цыратовых мяхоў з чалавечымі косткамі. Паводле прыблізных падлікаў, знойдзеныя парэшткі належаць 140 асобам. Але высветляць, што гэта былі за людзі, ніхто не стаў. У снежні 2015г. у абласной газеце «Витебские вести» з’явіўся артыкул «Актывісты знайшлі забытае пахаванне ў Віцебскім раёне». У ім цытуюцца словы археолага 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Вадзіма Таміліна пра эксгумацыю парэшткаў, якая праводзілася ў кастрычніку гэтага году. Паводле адмыслоўца, « відавочная сувязь дадзенага пахавання з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны». Актывістам не далі пазнаёміцца з вынікамі працы вайскоўцаў – маўляў, гэта засакрэчаная інфармацыя. Між тым актывісты на ўласныя вочы бачылі ў раскопах гільзы ад «Кольтаў» — пісталетаў, якімі карысталіся карнікі НКВД. Але не было знойдзена ні салдацкіх касак, ні зброі, якія б вызначылі прыналежнасць масавага пахавання да часу Вялікай Айчыннай вайны.
У 2015г. актывісты ініцыятывы “Хайсы –віцебскія Курапаты”усталявалі крыж яшчэ ў адным месцы масавых расстрэлаў, вядомым паводле ўспамінаў старажылаў, – ва ўрочышчы “Цёплы лес”.