На працягу 2018 г. сябры ініцыятывы “Хайсы- віцебскія Курапаты” займаліся добраўпарадкаваннем самаробных мемарыялаў каля вёсак Хайсы і Паляі. Ушаноўвалі памяць ахвяраў, парэшткі якіх знайшлі ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле. Тут з’явіліся крыжы з імяннымі шыльдамі, на якіх – імёны віцебскіх мастакоў, расстраляных 4 лістапада 1937г. Гэтая дата стала адной з самых трагічных у гісторыі Віцебску: да чарговых угдкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі НКУСаўцы расстралялі пад Bіцебскам больш за 100 прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі…
Актывісты былі дужа занепакоеныя лёсам парэшткаў, якія сабраў улетку 2017г. 52-гі пашуковы батальён: мясцовыя ўлады падкрэслівалі, што няма доказаў прыналежнасці гэтых людзей да ахвяраў сталінскага тэрору. Таму існавала небяспека, што парэшткі могуць зноўку пахаваць на брацкіх вайсковых могілках, як гэта было зроблена ў 2016г. Але на такі крок улады не пайшлі: парэшткі былі пахаваныя на могілках у вёсцы Мазалава, на крыжы ўсталявалі шыльду, надпіс на якой не нясе аніякага сэнсу: “Тут пахаваны парэшткі 302 асобаў, знойдзеных у ваколіцах вёскі Хайсы”. Актывісты ініцыятывы ўсталявалі побач другі крыж. За надпісам на шыльдзе «Ахвярам сталінскага тэрору, расстраляным у 1937-38 гг. каля вёскі Хайсы і перапахаваным тут у 2018г».