Пра тое, што ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле мясцовыя жыхары знаходзяць выкінутыя з зямлі чалавечыя парэшткі, cябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў даведаўся яшчэ ў пачатку 2000-х. Пра жахлівыя знаходкі яму распавёў жыхар вёскі Лужасна Іван Кудзінаў. У лістападзе 2014г. віцебскія журналісты і актывісты на свае вочы ўбачылі ў лесе чалавечыя косткі і чарапы. Старажылы пацвердзілі, што ў гэтых мясцінах у 1930-я гады расстрэльвалі людзей. 14 лістапада 2014г. тут у першы раз ушанавалі памяць ахвяраў: у трох месцах, дзе былі самыя вялікія яміны з парэшткамі, усталявалі крыжы. Адзін з іх — каля сімвалічнай магілы, дзе святар грэка-каталіцкай царквы айцец Зміцер Грышан адслужыў паніхіду.
Каб атрымаць афіцыйнае пацверджанне, каго забівалі ў гэтым лесе, віцебскія сябры КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў, Пётар Сарапеня, Алег Емяльянаў і Сяргей Каваленка падалі заявы ў абласную пракуратуру, следчы камітэт і міліцыю, бо справы па забойствах людзей не маюць тэрмінаў даўнасці. Пасля першага звароту актывістаў на месца загубы людзей прыязжалі прадстаўнікі ўпаўнаважаных структураў, яны забралі частку парэшткаў на экспертызу, якую праводзілі ў Мінску. Экспэртыза здолела вызначыць толькі адно: што гэтым парэшткам больш за 50 гадоў. А прычыну і даўніну смерці вызначыць нібыта немагчыма. І таму парэшткі, якія пабылі на экспэртызе спачатку ў Віцебску, а потым у Менску, перадалі службам ЖКГ для пахавання. Дзе яны ўрэшце пахаваныя, дагэтуль не вядома.
Увосень на месцы расстрэлаў пабываў адмысловы 52-гі пашуковы батальён, які займаецца пахаваннямі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – іншай структуры для працы з чалавечымі парэшткамі ў Беларусі няма. Актывістаў да месца раскопак не дапусцілі. Мазалаўскаму сельсавету было перададзена не менш як 40 цыратовых мяхоў з чалавечымі косткамі. Паводле прыблізных падлікаў, знойдзеныя парэшткі належаць 140 асобам. Але высветляць, што гэта былі за людзі, ніхто не стаў. У выканкаме Віцебскага раёну стварылі адмысловую камісію па ўшанаванні памяці людзей, чые парэшткі знаходзяць у лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле. Актывістаў ініцыятывы ў яе склад не ўключылі. А неўзабаве раённая газета “Голас Прыдзвіння” паведаміла, што парэшткі, знойдзеныя ў лесе пад Хайсамі і сабраныя байцамі 52-га пашуковага батальёна, перапахавалі як парэшткі ахвяраў вайны на брацкіх вайсковых могілках каля станцыі Лужасна.
Увесну 2017 года мясцовы жыхар Юрый Садкоў паведаміў пра чалавечыя парэшткі, знойдзеныя ім на іншым участку лесу каля вёскі Хайсы. Гісторыя паўтарылася: парэшткі і фрагменты рэчаў трапілі на паверхню пасля “працы” так званых “чорных капальнікаў”. Мясцовыя ўлады зноўку выклікалі 52-гі пашуковы батальён. Вайсковы археолаг Вадзім Тамілін забараніў фатаграфаваць раскопы . Прадстаўнік Акадэміі навук Алег Іоў, які таксама прыехаў вывучаць пахаванне, заявіў, што ўбачанае тут вельмі нагадвае яму знаходкі ў мінскіх Курапатах. Сабраныя пашукавікамі парэшткі былі пахаваныя на могілках у вёсцы Мазалава, на крыжы ўсталявалі шыльду, надпіс на якой не нясе аніякага сэнсу: “Тут пахаваны парэшткі 302 асобаў, знойдзеных у ваколіцах вёскі Хайсы”. Актывісты ініцыятывы ўсталявалі побач другі крыж. За надпісам на шыльдзе «Ахвярам сталінскага тэрору, расстраляным у 1937-38 гг. каля вёскі Хайсы і перапахаваным тут у 2018г».
Дзякуючы намаганням ініцыятывы “Хайсы-віцебскія Курапаты” і яе кіраўніку Яну Дзяржаўцаву, у лесе каля вёскі Хайсы паўстаў самаробны мемарыял, які нагадвае пра забойствы бязвінных людзей у часы сталінскага тэрору.