Кабыляцкая гара, урочышча пад Оршай – гэта афіцыйна прызнанае месца расстрэлаў мірных жыхароў, пра якое стала вядома яшчэ задоўга да мінскіх Курапатаў. У 1982 г. падчас будаўніцтва чыгункі тут былі знойдзены чалавечыя парэшткі, і экспертыза прызнала, што ў гэтых мясцінах у 1930-я гады праводзіліся масавыя расстрэлы. У памяць аб гэтай трагедыі ў 1989г. на месцы, дзе знайшлі парэшткі, быў усталяваны помнік – камень з мемарыяльнай шыльдай, на якой былі словы з верша Ганны Ахматавай: «Хотелось бы всех поименно назвать, но отняли список и негде узнать». Шыльду некалькі разоў кралі невядомыя вандалы. Улады аднаўленнем не займаліся, і афіцыйны помнік паступова ператварыўся ў «народны мемарыял», які больш за 30-ці гадоў добраўпарадкавалі мясцовыя актывісты. Пра трагічныя падзеі сталінскага тэрору тут нагадвае камень-валун, крыжы, помнікі і мемарыяльныя шыльды, якія ўсталёўваюць людзі ў памяць аб сваіх рэпрэсаваных сваяках. Іх нашчадкі стварылі грамадзянскую ініцыятыву «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы », якой кіруе Ігар Станкевіч. У 2018г. удзельнікі ініцыятывы дамагліся, каб Аршанскі райвыканкам таксама прыняў удзел у добраўпарадкаванні гэтага месца. Па патрабаванні нашчадкаў расстраляных на камені з’явілася новая шыльда з надпісам “Месца памяці і смутку” на рускай, беларускай, англійскай мовах і іўрыце. Паводле ацэнак даследчыкаў, у гэтых месцінах былі расстраляныя ад 300 да 5 тысяч чалавек.