Магілёўская шаша пад Оршай

Магілёўская шаша пад Оршай

Згодна з актам 1982 года камісіі савецкіх і адміністратыўных органаў у складзе сакратара Аршанскага раённага аддзялення Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Пішчалава Г.Х., пракурора Андрэйкава Г.М., лекара судова-медычнай экспертызы Лосева В.А., старшага лейтэнанта Аршанскага ваенкамата  Рызатава В.Д., старшага лейтэнанта міліцыі  Лучыны Н.С.,  пад Оршай ёсць два самыя вядомыя месцы массавых расстрэлаў падчас сталінскага тэрору.  У акце гаварылася: “Усе жыхары пацвярджаюць, што расстрэлы савецкіх людзей рабіліся ў 1937-39 г.г. органамі НКУС. У гэты перыяд лес так званай Кабыляцкай гары быў месцам масавых расстрэлаў ні ў чым не вінаватых людзей, гэтак жа, як лясны масіў па Магілёўскай шашы каля  вёскі Паддубцы “. Лясны масіў мясцовыя жыхары называюць Харкаўскім лесам, і старажылы прыгадвалі, што расстрэлы ў гэтых мясцінах адбываліся яшчэ ў пачатку 1930-х гадоў. 

Згадкі пра гэтыя мясціны ёсць у кнізе «Памяць» Аршанскага раёну, выдадзенай у 1999 годзе. Там прыгадваецца, што 1990-я гады ўздымалася пытанне пра ўстаноўку помніка ахвярам. Але афіцыйнага помніка ў гэтых мясцінах няма і дагэтуль.  Вядома, што мясцовыя жыхары ўшаноўвалі памяць забітых тут людзей яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны – запальвалі свечкі, абгароджвалі магілы валунамі, усталёўвалі самаробныя крыжы. Іх дагэтуль можна ўбачыць на ўзлеску, літаральна ў якой сотні метраў ад гарадской мяжы. Праўда, апошні крыж даўно зламаны. І толькі той, хто ведае пра тутэйшыя трагічныя падзеі, можа здагадацца, што з зямлі тырчыць не проста іржавы кавалак жалеза…У 2018 годзе на ўзлеску каля шашы драўляны крыж ў памяць пра расстраляных ахвяраў сталінізму ўсталявалі мясцовыя актывісты, але ён быў зламаны невядомымі асобамі. Між тым, пра месца трагедыі добра вядома ў Аршанскім райвыканкаме: у генеральным плане Оршы  ўчастак у раёне Магілёўскай шашы пазначаны як  “тэрыторыя меркаваных месцаў масавых пахаванняў ахвяр рэпрэсій 1930-х гадоў”.