Ахвяры самі капалі сабе магілы на гэтай паляне

Валянціна Пятроўна Шагеева нарадзілася ў 1934 годзе. Яна памятае, як гулі машыны, якімі ў канцы 30-ых вазілі ў лес каля вёскі Хайсы асуджаных на расстрэл. Чула яна і стрэлы, што даносіліся з лесу… Казалі пра расстрэлы ў лесе аднавяскоўцы, распавядала  пра гэта і маці Валянціны Пятроўны.

 

Жыхары вёскі ведалі пра паляну ў лесе з вялікай колькасцю ямаў, у якіх былі пахаваныя расстраляныя тады людзі. Хлопчыкі з вёскі бачылі, як прывезеныя на машынах ахвяры самі капалі сабе магілы на гэтай паляне. І ў вайну, і пасля вайны некаторыя мясцовыя жыхары нават раскопвалі гэтыя пахаванні.

 

Не ведаю, што яны шукалі. Можа, золата…, – кажа Валянціна Пятроўна. Жанчына распавяла, што ў вёсцы жыў чалавек, па прозвішчы Шамшура, які падчас нямецкай акупацыі вадзіў немцаў на месца пахаванняў расстраляных перад вайной людзей. Як прыгадвае Валянціна Пятроўна, пасля вайны ён быў асуджаны на 10 гадоў, і памер у турме.

Апавядальніца лічыць, што на той паляне, дзе дагэтуль застаюцца пахаванні нявінных ахвяраў, трэба было б паставіць помнік. З вялікай скрухай згадвае яна знішчэнне крыжоў, раней усталяваных грамадскімі актывістамі на месцы расстрэлаў і пахаванняў ахвяр рэпрэсій. На яе думку, нехта баіцца, што пахаванні будуць даследаваныя, і будуць знойдзеныя вінаватыя ў гэтых расстрэлах.

Што да папулярнай у мясцовых уладаў версіі, што ў мясцовым лесе могуць быць пахаваныя немцы, то Валянціна Пятроўна удакладняе, што нямецкія пахаванні заставаліся пасля вайны на мясцовых могілках. Падчас падрыхтоўкі магілы для чарговага пахавання кагосьці з вяскоўцаў на гэтых могілках быў знойдзены нямецкі салдацкі медальён. Праўда, медальён гэты ніхто не стаў адсылаць у Нямеччыну.

Нямецкіх пахаванняў на мясцовых могілках было даволі шмат. Яны былі размешчаныя ўздоўж дарогі. На кожнай магіле былі крыжы, зробленыя з дошак, на якіх былі надпісы.

 

Адна жанчына ўсё цягала з могілак гэтыя крыжы да сябе ў двор, каб паліць у печы, – прыгадвае Валянціна Пятроўна.  Цяпер ад гэтых магіл амаль нічога не засталося. На іх разбурэнне ніхто з мясцовых жыхароў не звяртаў увагі, бо гэта былі “варожыя” магілы.