У 1980-я гады, калі ў прэсе пачалі ўздымаць тэму сталінскага тэрору, а людзі перасталі баяцца гаварыць пра месцы масавых расстрэлаў, жыхар Віцебска Якаў Рыжык пачуў ад сваячкі аповед пра першыя “Віцебскія Курапаты”:
-Мая сваячка Зінаіда Аляксандраўна Цярoшкіна жыла ў вёсцы Паляі Віцебскага раёну. І аднойчы на нейкім сямейным свяце яна распавяла, што пад іхнай вёскай у 1930-я гады расстрэльвалі людзей. Яна нарадзілася ў 1927-м годзе, і бачыла гэта на ўласныя вочы, бо дзеці, як вядома, паўсюль пралезуць – нават туды, куды нельга… У сярэдзіне 1980-х гадоў у Віцебску дзейнічаў клуб аматараў гісторыі і культуры “Повязь”. Я распавёў кіраўніку клуба Ігару Цішкіну ды іншым удзельнікам, што пачуў пра Паляі. Было вырашана, што трэба ўшанаваць памяць расстраляных, як гэта рабілася ў Курапатах пад Мінскам. Мы апыталі мясцовых жыхароў, якія яшчэ памяталі тыя падзеі, нам паказалі прыкладнае месца расстрэлаў. Мы вырашылі, што паставім мемарыяльны крыж на ўзлеску, дзе ён будзе відаць з дарогі, і дзе будзе добры пад’езд.
Паводле Якава Рыжыка, усталяванне крыжа ператварылася ў значную грамадскую падзею:
– Крыж быў пастаўлены ў Паляях 5 лістапада 1989 году і асвечаны святаром Андрэем Несвятаевым. У імпрэзе бралі ўдзел жыхары вёскі Паляі, школьнікі, старшыня мясцовага сельсавету. Сабраліся і жыхары суседніх вёсак, жанчыны плакалі, расказвалі гісторыя пра рэпрэсаваных сваякоў… А па знешнім перыметры стаялі дзядзькі ў чорных паліто, нешта запісвалі, вялі відэаздымку. Так, што ўсё зафіксаванае, і дакументы гэтай падзеі для гісторыі недзе ёсць.
Успаміны жыхароў пра расстрэлы ў Паляях запісвалі віцебскія сябры Беларускага Народнага Фронту Сяргей Цярэнцьеў ( ён жа зрабіў і першы крыж у памяць пра расстраляных), Алесь Шпунтоў, Міхась Паўлаў, Ігар Цішкін, Вольга і Міхаіл Шпакоўскія, журналіст Юрый Сцяпанаў. Сабраныя матэрыялы публікаваліся ў абласных і рэспубліканскіх выданнях. Аднак месца масавых расстрэлаў ля вёскі Паляі да гэтага часу не мае афіцыйнага статусу, тут ніколі не праводзіліся раскопкі альбо іншыя даследаванні, і памяць аб трагедыі захавалася толькі ва ўспамінах людзей.