Напрыканцы 1980-х, калі стала вядомай горкая праўда пра расстрэлы ў Курапатах пад Мінскам, тэма сталінскіх рэпрэсій зацікавіла многіх людзей у Беларусі. Старажылы прыгадалі і пра “віцебскія Курапаты” – пра тое, што расстрэлы бязвінных людзей адбываліся каля вёскі Паляі Віцебскага раёна. Аматары гісторыі, краязнаўцы, сябры БНФ запісвалі ўспаміны мясцовых жыхароў пра падзеі 1937-38 гг. На той час яшчэ былі жывыя сведкі, якія бачылі народную трагедыю на ўласныя вочы або памяталі аповеды сваіх бацькоў… Людзі, якія дзяліліся ўспамінамі, даўно сышлі ў нябыт, але з мінулага гучаць іхныя галасы.
Эмілія Іосіфаўна, 1911 г.н.:
– Гэта бацька распавядаў, што ён пасвіў коней і бачыў… Раней жа машын так шмат не было, яны ездзілі рэдка. А тут машына прайшла і спынілася насупраць возера. А далей не пайшла, і пачаліся стрэлы, стрэлы…Бацька казаў, што прывозілі з гораду людзей. І казаў, што бачыў магілы, але закапаныя. І што зверху нават дрэвы садзілі. Маскіравалі. Уночы стралялі, а ўдзень чалавек хадзіў і ахоўваў, каб ніхто там не хадзіў, ніхто нічога не ведаў. Стралялі такіх бедных людзей, як мой бацька. Мой бацька ў кузні працаваў, і яго арыштавалі, што трэба было рамантаваць санкі, усё такое, а ён не паспяваў каваць. Яго забралі. Каля году ён адсядзеў. Родны брат бацькі, той быў брыгадзір. У яго адзін бурт бульбы падмёрз, і яго забралі. Яго доўга, беднага, мучылі. Дзядзька сядзеў у сакрэтнай камеры, яго дапытвалі. А за што? За бурт той бульбы? Але потым адпусцілі.
Іван Паўлавіч, 1907 г.н.
— Чаму ж я не чуў? Чуў! Перад самай вайной вазілі людзей да возера туды і стралялі. Ноччу. Толькі па начах. І часта. І былі не магілы, а ямы выкапаныя, і кроў на дрэвах была.
Ганчарова Лідзія Іосіфаўна, 1913г.р.
-Калі гэта было? У 1929 і 1930 гадах раскулачвалі людзей, якія не хацелі ішлі ў калгас. А потым стралялі людзей. Мы нават не лічылі, колькі было стрэлаў. А потым мой муж пайшоў на возера, трохі не дайшоў, і бачыў, што ямы тым нехта вартаваў, каб не падыходзілі. Хадзіў чалавек са зброяй у скураной тужурцы, бліскучай. А калі машыны ехалі, то клалі дошкі на дарогу, каб следу не было, што машына ішла. Аднойчы мы пайшлі сена грэбсці, глядзім – зямля свежая, засыпана вялікая яма, а зверху кусты пасаджаныя. Арэшнік выкопвалі, елачкі, садзілі зверху. Мы хацелі праверыць, ці глыбокая яма. Палкай спрабавалі. Было з паўметра.
Неназваная жанчына:
— Чалавек з нашай вёскі ішоў з рыбалкі і бачыў, што стаяць людзі ў лесе – рукі завязаныя ззаду і раты заткнутыя… Ён так спалохаўся, што прыйшоў увесь белы. І нічога нікому не казаў, ад сполаху. Толькі потым маці прызнаўся, і усе паступова даведаліся. Стралялі ў нас. І забралі Мальвінінага мужыка, Мацкевіча.
МАЦКЕВІЧ Антон Уладзіслававіч нарадзіўся ў 1908г. у в. Шашкоўшчына Віцебскага р-ну, беларус, з сялян, меў няскончаную пачатковую адукацыю, быў калгаснікам у к-се імя Мархлеўскага. Арыштаваны 29 ліпеня 1938г. Асуджаны 15 лістапада 1938 г. «тройкай» як польскі шпіён, за а/с агітацыю паводле арт. 64,68,69,71,72 на 10 гадоў ППЛ у Каргапольлаг Архангельскай вобл.
Яго жонка, Мацкевіч (дзявочае прозвішча Буевіч) Мальвіна Вікенцьеўна, памерла ў 2002 годзе.
Хашкоўскі Іван Антонавіч 1904г.н.
-у 1937-м годзе стралялі “палякаў”, так тады казалі. Па прозвішчах глядзелі.І мясцовых жыхароў забіралі. Стралялі на беразе возера, ноччу. А магілы былі замаскіраваныя.
Кляўцоў Уладзімір Дзям’янавіч, 1925 г.н.
-У 1937-м годзе я ўжо хадзіў у школу, памятаю. І як толькі вечар, чуваць, што страляюць – як за Паляі выйсці, то першы паварот у бок возера, налева.Адразу нічога не было, а потым бачым – ёлачкі маленькія пасаджаны. У мяне быў сябар, Шышкоў Пётр Мікалаевіч .Мы пайшлі ўдвох паглядзець. Бачым: яма вялікая, метраў 8 даўжынёй, і тры жардзіны тырчаць. Мы іх пацягнулі, зямлю трохі раскапалі, а там нежывыя людзі ляжаць.Хто і ніжняй бялізне, хто ў верхнім адзенні. А за ёлкай стаіць вінтоўка. Пятро яе ўзяў і занёс дахаты. Тады мы расказалі, адкуль яна.Але ўсё расказваць баяліся, каб нас таксама не расстралялі.І баяліся туды хадзіць, каб не злавілі. А стралялі там кожны вечар, і было гэта пад восень, месяцы два.
І з нашай вёскі забралі чалавека, Гінтоў Адась. Жыў у Паляях. Ён расстраляны. Гэта дакладна. Казалі так: хто перапісваўся з Польшчай, той вораг. А яшчэ былі Шляхта, не памятаю, як зваць. Абодвух узялі, бацькі і маці. Яны таксама былі палякі.
ГІНТОЎ Адам Браніслававіч нар. у 1901 у вёсцы Лісьі Ямы Віцебскага р-ну, паляк, з сялян, калгаснік у к-се імя Мархлеўскага . Арыштаваны 2 лістапада, асуджаны 9 лістапада 1937 г. пастановай НКВД СССР і Пракурорай СССР як член ПАВ паводле арт. 64,68,70,72,76 да ВМП. Расстраляны 9 студзеня 1938г.
Прозвішча ШЛЯХТА сустракаецца ў спісе жыхароў вёскі Паляі за 1950 г. Гэта Альфрэд Пятровіч Шляхта, 1935 г. н., сірата. Верагодна, рэпрэсаваныя былі менавіта ягоныя бацькі. Паводле іншых звестак ад мясцовых жыхароў, былі рэпрэсаваны Петр ШЛЯХТА і Іосіф ШЛЯХТА. У вядомых на сёння спісах рэпрэсаваных ні адзін, ні другі не значацца.