Анатоль Ходзькін: Увесь ельнік, каторы тут, вырас на касцях

67-гадовы жыхар вёскі Паляі Ходзькін Анатоль Леанідавіч, зь якім мы прыехалі на месца забойстваў рэпрэсаваных сталінскім рэжымам грамадзянаў, распавёў, што даведаўся пра тое ад свайго дзеда па бацькавай лініі Рыгора: 

– Даведаўся з дзедаўскага расповеду. Дзед – удзельнік першай сусветнай. Меў чатыры георгіеўскіх крыжы. Афіцэры яму нават чэсць аддавалі. Перад вайной усіх хутаран перасялілі ў вёску. А ў гэтае месца вазілі на расстрэл. Гэта 37 – 38 год. Дзед распавядаў, што тут заўжды было ачапленне. Нікога не падпускалі. Расстрэльвалі, сцягвалі ў ямы. На месцы расстрэлу салдаты цягалі елкі з дзёрнам, закладвалі, каб нічога не было бачна. Тады дзед яшчэ быў у сіле, гадоў пад сорак яму было. Яны з вёскі хадзілі сюды кругам. Праз ачапленне не пускалі. Можна было прайсці берагам возера.

Возера каля вёскі Паляі называецца Берніцкім. На беразе здаўна мясціўся піянерскі летнік, а цяпер – праваслаўны летнік “Дружба”. Таму мясцовыя называюць возера па-свойму, удакладняе Анатоль Ходзькін: 

 – Берніцкае, ці як яго ўсе называюць Піянерскае. Адсюль яны заходзілі, глядзелі. Дзед распавядаў, пасля гэтых расстрэлаў яны прыходзілі. Ён жа не адзін хадзіў, аднаму страшна, жудасна. Дык, казаў, ельнік шавяліўся. Раненыя былі, а іх жыўцом закапвалі. Дзёран на іх клалі – і ўсё. Вось так гэта рабілі. Нашы. Плошча пад пазаваннямі, відаць, гектараў дзесяць.  Гэта ад рэчкі метраў пяцьдзясят і ад возера метраў пяцьдзясят. Увесь ельнік, каторы тут, яго ўжо колькі выразалі, увесь вырас на касцях.