Жыхар вёскі Паляі Станіслаў Старыковіч з дзяцінства ведаў, што непадалёк, каля Берніцкага возера, у 1930-я гады праводзіліся “сталінскія расстрэлы”:
— Бацьку майго звалі Старыковіч Станіслаў Антонавіч. Я 1932-га году нараджэння, і сам такога не памятаю, але бацька распавядаў, як сустрэўся ў лесе з тым, хто ахоўваў месца расстрэлаў. Ён працаваў лесніком, часта хадзіў на паляванне, і браў з сабой сабаку. Аднойчы ў лесе сустрэў незнаёмцаў, якія пазвалі яго да сябе і сказалі, што з сабакам тут хадзіць нельга, бо ў гэтым месцы закапаныя людзі. Ці гэта былі ахоўнікі, ці яны чакалі новую “партыю” асуджаных да смерці, бацька не ведаў. Але заўжды казаў, што гэта было яшчэ да вайны, у часы Сталіна.
Пазней Станіслаў Старыковіч таксама хадзіў з бацькам на паляванне. І бачыў у лесе характэрныя адзнакі: пагоркі, падобныя да магіл. І малады ельнік на горцы. Раней там раслі суніцы, і вяскоўцы хадзілі на гару ў ягады. Але пасля расстрэлаў на свежых магілах пасадзілі елкі, працягвае Станіслаў Старыковіч:
-Елкі былі зусім маладзенькія, на маіх вачах яны выраслі – ствалы сталі ў кулак таўшчынёй. Потым іх трохі высеклі, бо працягнулі высакавальтную лінію. У 1990-я там паставілі крыж, але трохі не на тым месцы, дзе былі расстрэлы. Прыязжалі ў вёску людзі, распытвалі, і мой стрыечны брат паказаў месца расстрэлаў. Але прыблізна, трэба было метраў на 200-300 вышэй, бліжэй да Берніцкага возера.
Пра расстрэлы за вёскай Паляі ведаюць многія вяскоўцы, у тым ліку Васіль Самаросенка:
– Я нарадзіўся ў Паляях у 1942-м годзе. З дзяцінства чуў ад старэйшых, што людзей расстрэльвалі каля возера. Казалі пра гэта і мае суседзі Аляксандр Старавойтаў і Якаў Дарожкін (1898 г.н.) Распавядалі, што чулі стрэлы, крыкі нават. Прычым на расстрэлы праз вёску не вазілі, а везлі па дарозе, як ехаць на Вароны, і налева. Гісторыя гэтыя мне давялося чуць у 1960-я гады.