Гісторыя Вольгі Данцыт і помнік расстраляным латышам


У 2014 і 2017 гадах у лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле знайшлі два вялікія невядомыя пахаванні. Пасля “працы” чорных капальнікаў на паверхні апынуліся чалавечыя парэшткі — косці і чарапы з кулявымі адтулінамі ў патыліцах. Вяскоўцы-старажылы ўспамінаюць, што ў канцы 1930-х якраз тут адбываліся «сталінскія расстрэлы». Мясцовыя ўлады двойчы выклікалі 52-гі пошукавы батальён, каб эксгумаваць парэшткі і адсартаваць рэчы, якія таксама знаходзілі ў ямах-магілах. З адной такой знаходкі – жаночага грабеньчыка — і пачалася амаль дэтэктыўная гісторыя, якая пацвярджае, што ў гэтым лесе расстрэльвалі не “ахвяраў вайны”, як раней цвердзілі ў сельсавеце, а бязвінных людзей падчас сталінскага тэрору.

Вайсковы археолаг Вадзім Тамілін паказаў знойдзены фрагмент жаночага грабеньчыка, на якім надрапана імя «Оля» і частка прозвішча меркаванай гаспадыні. Удзельнік грамадскай ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Карапаты» Андрэй Кешанюк правёў уласнае даследаванне:

— Прозвішча на грабеньчыку далёка не самае распаўсюджанае: відаць першую літару „Д“, потым „а“, потым „н“, за ёй — дзве вертыкальныя рыскі, як у „п“ або „ц“, а следам — „и“. Гэта апошняя літара, якая засталася на абламаным кавалачку. Я праверыў па спісах рэпрэсаваных, якія ёсць у інтэрнэце. З усіх прозвішчаў, якія пачынаюцца з Дан-, потым нявызначаная літара, а за ёй „и“, несумненна вылучаецца адно: „Данцит“. Прычым у спісе рэпрэсаваных значыцца менавіта Вольга Данцыт, латышка, якая нарадзілася ў 1910 годзе ў вёсцы Матушова Лёзненскага раёну. Жыла ў Віцебску, працавала настаўніцай у школе № 30 і была расстраляная 30 красавіка 1938 году нібыта за антысавецкую дзейнасць у складзе латышскай контррэвалюцыйнай арганізацыі.

Андрэй Кешанюк вызначыў, што прозвішча «Данцит» або «Данцыт» сустракаецца ў розных спісах рэпрэсаваных 7 разоў, і амаль усе гэтыя людзі паходзяць зь вёскі Матушова. Нехта з іх быў расстраляны, нехта сасланы… Андрэй Кешанюк адшукаў сучаснікаў з такімі самымі прозвішчамі ў сацыяльных сетках. Два чалавекі ўжо адгукнуліся і пацвердзілі: так, іхныя сваякі былі рэпрэсаваныя, кагосьці расстралялі, кагосьці саслалі на поўнач. Каб адшукаць нашчадкаў рэпрэсаваных Данцытаў, удзельнікі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” паехалі ў вёску Матушова — на радзіму імавернай уладальніцы грабеньчыка. Але на сённяшні дзень Данцытаў у вёсцы ўжо не засталося, сказала мясцовая жыхарка, Вера Пісарава:

— Апошняй была Ксенія Данцыт, яна працавала ў калгасе, памерла ў 1974 годзе. Дзяцей у яе не было, ужо ў сталым веку яна сышлася з Іванам Жаўлачэнкам. На мясцовых могілках яны пахаваныя побач, пад адным надмагільным помнікам. Тая хата, дзе яны жылі, цяпер стаіць пустая. А гэтае месца людзі дагэтуль называюць “сядзіба Данцыт”.

Ксенія Данцыт была па бацьку Аляксандраўнай, як і расстраляная настаўніца Вольга Данцыт. Ці былі яны сёстрамі, або мае месца простае супадзенне, ужо ніхто не скажа…

Вольга Данцыт, як і многія аднавяскоўцы з Матушова, стала ахвярай так званай “латышскай аперацыі”, калі падчас сталінскага тэрора былі асуджаны па нацыянальнай прыкмеце каля 22-х тысяч чалавек, з іх больш за 16 тысяч былі расстраляны. У памяць пра настаўніцу латышскай школы ўдзельнікі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” паставілі імянны крыж у лесе, побач з тым месцам, дзе быў знойдзены грабеньчык. З архіўных звестак удзельнікі ініцыятывы даведаліся прозвішчы яшчэ 62-х чалавек, расстраляных у адзін дзень з Вольгай Данцыт, і паводле таго самага абвінавачання — за нібыта дзейнасць у «латышскай контррэвалюцыйнай арганізацыі». Верагодна, гэтыя людзі таксама былі забітыя ў лесе каля вёскі Хайсы. Іх імёны напісаны на помніку, які грамадскія актывісты ўсталявалі ў лесе ў 2019 годзе.