Тамара Дзмітрыеўна Котава нарадзілася ў 1951 годзе ў Чалябінскай вобласці. Яе бацька Дзмітрый Карнілавіч, мясцовы, нарадзіўся ў вёсцы Дрыколле, маці нарадзілася ў Куйбышаве (цяпер Самара). Тамара Дзмітрыеўна чула пра растрэлы ў лесе каля Хайсоў ад сваіх суседзяў.
“Цяпер ужо гэтых людзей няма, хто пра гэта распавядаў. Напрыклад, Валянціна Клёцкіна распавядала. Таццяна Цімафееўна Шамшура казала мне пра гэта. Таксама Елізавета Карпенка распавядала. Гаршкова Вера Антонаўна шмат чаго ведала. І ня немцы там растрэльвалі, як кажуць некаторыя. Там растрэльвалі да вайны, нармальных людзей, якія тут жылі і працавалі. Пісалі ж раней такія лісты – даносы, і людзей расстрэльвалі. А вазілі па той дарозе, якая цяпер вуліца Лясная. Машыны шлі, шлі і шлі”, прыгадвае аповеды суседзяў Тамара Дзмітрыеўна.
Паводле людскіх успамінаў, у лес на растрэлы вазілі людзей у 1936 – 1938 гадах. І названыя асобы, і іншыя людзі ведалі вельмі шмат. Але раней гэтым ніхто не цікавіўся, канстатуе Тамара Дзмітрыеўна, і пытанне сталінскіх рэпрэсій не ўздымалася, а пахаванні раскопваліся “чорнымі капальнікамі”.