Віктар Ягоравіч Гаголка нарадзіўся ў вёсцы Дрыколле ў 1947 годзе. У гэтай жа вёсцы свой век пражылі і ягоныя бацькі, маці Ніна Пятроўна (дзявочае прозвішча Дзедушкіна) і бацька Ягор Яфімавіч. Маці Віктара Ягоравіча шмат распавядала яму пра падзеі даваеннага часу. Таксама ў 50-ыя – 60-ыя гады яму даводзілася чуць пра тыя часы і ад іншых аднасяльчанаў.
Паводле іхных словаў, у 1936, 1937 гадах машыны, якія называлі “чорнымі варанкамі”, прывозілі ў гэтыя мясціны людзей, апранутых у цывільнае адзенне. Іх ахоўвалі міліцыянты. Потым гэтых людзей растрэльвалі.
— Быў такі выпадак, калі тое, як везлі людзей на растрэл, бачыў мой дзядзька Сямён Дзедушкін. Моладзь вярталася з танцаў ноччу. Ішлі праз лес. На дарозе пабачылі машыну, якая ехала ў іхным накірунку. Яны адышлі ў бок, і прапусцілі яе. Але потым вырашылі прасачыць за ёю, — прыгадвае Віктар Ягоравіч аповед сваяка.
Машына праз пэўны час спынілася. Моладзь назірала за ёю здалёк, схаваўшыся ў лесе. З кузава машыны выйшлі прыблізна 12 ці 14 чалавек. Іх прымусілі капаць яму. Тут хлопцы вырашылі ўцякаць. Праз лес прыбеглі дахаты, распавялі бацькам. Было вырашана нікому пра гэта не казаць, бо іначай і за імі так прыедуць.
Ад іншых людзей Віктару Ягоравічу даводзілася чуць, што так вазілі людзей у 30-ыя гады часта, амаль штоноч, і аж да самае вайны.