Аляксандр Андрэевіч Фраленка ведаў свайго бацьку толькі з матчыных расказаў. Калі яму было чатыры месяцы, бацьку забралі ў турму, а потым асудзілі за антысавецкую агітацыю і саслалі на Далёкі Усход. Аляксандр Фраленка прыгадвае матчыны аповеды:
– Мой бацька, Андрэй Клімавіч Фраленка, быў унтэр-афіцэр царскай арміі, служыў у Рызе. Пасля рэвалюцыі ён прыехаў у Беларусь. Яму было 33 гады, ён хацеў завесці сям’ю, займець зямлю, наладзіць сваё жыццё. У Віцебску тады жыў ягоны брат Ягор, ён уладкаваў бацьку плытагонам у мястэчку Сураж. Але бацькавы планы на жыццё перайначыла савецкая ўлада: як былому вайскоўцу, яму даверылі ствараць калгас з жыхароў бліжэйшых хутароў. З кастрычніка 1930г. па сакавік 1931г. ён быў старшынём сельсавета ў Янавічах, да закрыцця царквы ў Янавічах быў чальцом рэвізійнай камісіі царкоўнай рады. Потым працаваў у палітаддзеле МТС, быў прызначаны старшынём калгасаў “Шлях бедняка”і “Промтруд”. Але паводле заяваў двух аднавяскоўцаў быў абвінавачаны за выказванні антысавецкага характару і рэлігійную прапаганду.
Андрэя Клімавіча Фраленку асудзілі да 10 гадоў зняволення ў працоўным выпраўленчым лагеры. Пакаранне ён адбываў на Далёкім Усходзе – у 2-м аддзяленні Бурлага на станцыі Ізвестковая. Ягоны сын Аляксандр Фраленка памятае, як пасля вайны, у 1949 годзе, нечакана атрымаў вестку ад бацькі:
– Аднойчы маёй маці, Фраленка Настассі Яфімаўне, перадалі, што яе шукае нейкі чалавек. Аказалася, гэта наш зямляк з-пад Суража, ён таксама вярнуўся з Далёкага Усходу, і расказаў, што сустракаўся з бацькам у лагеры – яны працавалі ў суседніх брыгадах, бацька быў там брыгадзірам цесляроў. Але вестка пра бацьку прыйшла са спазненнем. Ён не вярнуўся дадому, і пазней мы высветлілі ў КДБ, што мой бацька, Андрэй Клімавіч Фраленка, загінуў у 1940-м годзе ў лагеры, захварэўшы на запаленне лёгкіх.
Бацьку Аляксандра Фраленкі рэабілітавалі 14 чэрвеня 1958 г. Сына і маці паклікалі ў КДБ і паказалі заявы, паводле якіх бацька быў арыштаваны і асуджаны. Іх напісалі нехта Смунёў і Смольскі, і супрацоўнік КДБ не хацеў даваць гэтыя дакумент сыну рэпрэсаванага, баючыся, як ён сказаў “эксцэсаў з боку маладога чалавека”. Але ў 1950-я гады гэтых людзей ужо не было ў жывых, яны загінулі падчас вайны, кажа Аляксандр Фраленка. На памяць пра бацьку яму застаўся толькі фотаздымак, зроблены падчас злёту перадавікоў калгаснага руху: статны мужчына з вусамі рашуча глядзіць у аб’ектыў, яшчэ не ведаючы, які несправядліва горкі лёс яго чакае…