З вёскі, дзе жылі латышы, забралі ўсіх дарослых мужчын

– Побач з маімі бацькамі жыла старэнькая жанчына. Прозвішча яе была Азоліна. Гэтак мы, больш на беларускі манер, яе прозвішча вымаўлялі. Верагодна, што прозвішча гэта было латыскае, магло напраўдзе гучаць як Азаліне альбо Азоліньш. Прынамсі, каля вёскі Вароны раней было некалькі вёсак, дзе жылі латышы. Было вядома, што яны пасяліліся там яшчэ да рэвалюцыі. Яны так ратаваліся ад беззямелля ў Латвіі. Тут яны куплялі самыя танныя землі, і атрымлівалі на іх някепскія ўраджаі. Бо людзі гэта былі дужа працавітыя і дбайныя, – пачынае свой аповед Пётр Фёдаравіч Каваленка

 

Паводле словаў ягонае маці, у трыццатыя гады гэтых людзей напаткалі рэпрэсіі. З вёскі, дзе жылі латышы, забралі ўсіх дарослых мужчын. У родную вёску яны ўжо не вярнуліся. І толькі аднаго не забралі. Пра яго было вядома, што ён быў п’яніца і жыў бедна.

 

– Напэўна, яго палічылі “сацыяльна блізкім, – выказвае меркаванне Пётр Фёдаравіч.

 

Аднойчы раніцай гэты адзіны ацалелы павяртаўся з Віцебску. Яго ўсяго трэсла, і ён распавёў, што, калі ён ішоў па лясной дарозе каля вёскі Вароны, яго абагналі машыны. А праехаўшы крыху далей, спыніліся… У вёсцы ведалі, што ў гэтым лесе страляюць па начах. Гэты мужчына досыць хутка зразумеў, што стаў выпадковым сведкам нечага таемнага, і ён схаваўся пад ялінаю. Далей ён пабачыў, як машыны асвятлялі паляну ў лесе, і чуў стрэлы, і крыкі людзей. Там былі ўжо падрыхтаваныя ямы, у якіх закопвалі забітых.  Потым ачапленне знялі, машыны з’ехалі. Мужчына дачакаўся раніцы і пайшоў да гэтых засыпаных зямлёй ям. І там ён знайшоў рукавіцу. Ён пазнаў гэтую рукавіцу – яе звязала ягоная сястра свайму мужу, якога забралі тады, калі забіралі ўсіх мужчын з іхнае вёскі. І ён прыйшоў да родных, каб сказаць, што іхны  сваяк не вернецца, бо яго расстралялі, і аддаў ім гэтую рукавіцу…

 

Гэтую гісторыю Пётр Фёдаравіч распавёў адмысловай камісіі па рэпрэсіях, якая была створана ў абкаме КПСС з прыходам да ўлады Міхаіла Гарбачова. Як раз тады быў пастаўлены і крыж у Паляях. І тады ж прыязджалі і апытвалі згаданую вышэй суседку, якую звалі Вольга Азоліна.

 

Дакладна прыгадаць імя расстралянага гаспадара рукавіцы Петр Фёдаравіч не можа. Але прозвішча “Азолін” сустракаецца ў  спісах рэпрэсаваных даволі часта. Людзі з такім прозвішчам жылі і ў ваколіцах Віцебска і Лёзна, дзе было шмат латышскіх паселішчаў. Прыкладам, да вышэйшай меры пакарання быў асуджаны латыш Азолін Іван Кірылавіч з вёскі Матушова Лёзненскага раёну – адзін з тых, хто трапіў пад рэпрэсіі па нацыянальнай прыкмеце. Верагодна, у Хайсах пад Віцебскам была расстраляна яшчэ адна жыхарка вёскі Матушова – Вольга Аляксандраўна Данцыт.