Малая радзіма Альберта Ляхоўскага – Сенненскі раён. Яшчэ ў дзяцінстве ён стаў сведкам сталінскіх рэпрэсій: у яго на вачах арыштоўвалі мужа матчынай роднай сястры. Найперш за латышскае прозвішча Ліцыт, мяркуе Альберт Ляхоўскі:
— Я нарадзіўся ў Сенненскім раёне, і аднойчы мы, малыя, пайшлі да станцыі “Лычкоўскага”, там непадалёк жыла матчына сястра з мужам. Нас чацвёра дзяцей і там чацвёра. І вось ноччу прыязджае машына, чорны “варанок”, забіраць гаспадара. Зайшлі ўтрох, у скураныя курткі апранутыя… Мы ўсе ў крык, кінуліся яго бараніць, а тыя, з машын, пачалі нас збіваць. Білі і нагамі, і чым хацелі. І цётцы Альме дасталося, і нам – усіх збівалі да крыві, і тыя акрываўленыя паехалі, што ў “варанку”. Дзядзьку нашага ніхто больш не бачыў, яго расстралялі “за здраду Радзіме”, — распавёў Альберт Ляхоўскі.
Дзіцячая памяць не захавала імя і імя па бацьку арыштаванага. Паводле “Картатэкі Сталіна”, рэпрэсаваныя былі некалькі чалавек з прозвішчам Ліцыт — ураджэнцы вёскі Аляксандрава , што непадалёк ад станцыі “Лычкоўскага”. Родныя баяліся распытваць пра лёс сваяка, і дагэтуль не ведаюць, дзе ён быў расстраляны. Але пра “расстрэльныя месцы” непадалёк ад Віцебска Альберту Ляхоўскаму давялося пачуць праз шмат гадоў ад ягонай цешчы:
— Мая цешча, Паліна Сушынская, распавядала, як у 1930-я гады хадзіла ў грыбы каля вёскі Хайсы. Спярша, яна кажа, пачула стрэлы. Вырашыла паглядзець, што такое. Але нейкія мужчыны яе прагналі, не даўшы падыйсці бліжэй. Сказалі “няма табе чаго тут рабіць”. Але яна паспела ўбачыць, як далей у лесе нейкія людзі закапалі яму і пасадзілі зверху дзве елачкі. Больш яна ў тыя мясціны не хадзіла: раптам пойдзеш, ды больш не вернешся.
У 1950-я гады частку лесу каля Хайсоў выкарчавалі і распахалі поле. Мясцовыя жыхары прыгадваюць, што той лес быў увесь у ямках-магілах. А цяпер на полі сеюць кукурузу, не зважаючы на трагічную гісторыю тах мясцін. На ўскрайку поля актывісты ініцыятывы “Хайсы- віцебскія Курапаты” усталявалі помнік і тры крыжы ў памяць пра расстраляных тут ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.