Жыхары вёсак Хайсы і Дрыколле Віцебскага раёна добра ведаюць пра “расстрэльныя” мясціны ў бліжэйшым лесе. Аповеды пра расстрэлы падчас сталінскага тэрору перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Аляксей Рыгоравіч Нікіцін пачуў іх ад дзеда:
– Я нарадзіўся ў Віцебску ў 1938 годзе. Калі пачалася вайна, да нас прыехаў дзядуля на кані, забраў мяне і маці да сябе ў вёску Дрыколле. У дзяцінстве я часта слухаў, як мой дзядуля, Хожанеў Рыгор Іванавіч, распавядаў пра расстрэлы ў лесе. Казаў, што да вайны вельмі часта чуў стрэлы па начах, выключна па начах. З дзедавай хаты яны былі чуваць. Распавядаў таксама, што хадзіў у лес паглядзець, што там такое. Адзін хадзіў, і са сваім сябрам братам жонкі Кірылам. Гэта лес, што з левага боку дарогі на Гарадок. Яны хадзілі туды і бачылі яму, засыманую зямлёй. І зямля гэтая варушылася. Відаць, там былі раненыя, якіх кінулі паміраць.
Аляксей Нікіцін чуў ад дзеда, што гэта расстрэльвалі тых, каго прывозілі з віцебскай турмы. І ямы, у якія закапвалі расстраляных, былі доўгія і вузкія, як траншэі. Усяго іх было чатыры – так казаў дзядуля. Першы раз, пачуўшы стрэлы, яны з сябрам убачылі адну яму, праз колькі дзён зноўку стралялі ў лесе, і ямаў было ўжо дзве…Пасля вайны ён вырашыў агледзець тыя мясціны, працягвае Аляксей Нікіцін:
– Я пайшоў туды ў грыбы, і ўбачыў усё, як распавядаў мой дзед. Чатыры доўгія праваліны- ямы. Яны былі добра відаць, але іх яшчэ ніхто не раскапваў – не валяліся косткі панавокал, як у апошнія гады. І я магу дакладна сказаць, што стралялі не немцы: немцы, колькі стаялі ў Дрыколлі, ніводнага чалавека тут не застрэлілі, гэта я ўжо добра памятаю.