Знішчалі невінаватых людзей

Мікалай Дзмітрыевіч Разбаеў які нарадзіўся 1 студзеня 1941 года. Яму, як і многім іншым цяперашнім жыхарам вёскі Хайсы, пра сталінскія рэпрэсіі ў 30-ыя гады і расстрэлы ў бліжэйшым лесе распавядалі бацькі. 

 

Ягоная маці Надзея Ўладзіміраўна, якая нарадзілася ў 1907 годзе, казала сыну пра стрэлы, якія чуліся з лесу па начах. Паводле яе словаў, расстрэлы адбываліся ў тым лесе, які знаходзіўся за чыгуначным пераездам, за казармай. Цяпер ні пераезда, ні казармы ўжо няма, але старажылы памятаюць, дзе яны былі. 

 

 — Людзі казалі, што так расcтрэлівалі, фактычна, невінаватых людзей, — цытуе Мікалай Дзмітрыевіч словы сваёй маці. 

 

Ягоны бацька, Дзмітрый Цімафеевіч, нарадзіўся ў 1905 годзе. Ад яго Мікалай Дзмітрыевіч таксама чуў пра расстрэлы. Бацькі таксама казалі і пра тое, што ў самым пачатку вайны ў лесе каля Хайсоў знішчалі вязняў віцебскай турмы. 

З’язжаючы ў эвакуацыю, або баючыся, што вязні скарыстаюцца неразбярыхай і самавольна пакінуць турму, адміністрацыі карных установаў нярэдка прымалі рашэнне знішчыць зняволеных. Спачатку было прынята рашэнне эвакуіраваць кантынгент з турмаў на захадзе Беларусі глыбей на ўсход, але з 32 турмаў НКУС, якія функцыянавалі на 22 чэрвеня 1941г., удалося эвакуяваць толькі 14. Ахоўнікі, якія канваіравалі зняволеных, апасаліся бунтаў у дарозе, і таму перамяшчэнне нярэдка абарочвалася трагедыяй: так, 26 чэрвеня 1941 году войскамі НКУС была расстраляная калона вязняў Глыбоцкай турмы (якая размяшчалася  ў былым базыльянскім манастыры ў Беразвеччы). У пачатку вайны начальнік турмы №28 Прыёмышаў атрымаў загад аб пераводзе вязняў у Віцебск. Каб аблегчыць сабе працу, ён загадаў расстраляць на месцы некалькі сотняў людзей, пэўна самых слабых і найбольш небяспечных. Астатніх, падзяліўшы на 12 групаў, канваіры пагналі ў кірунку Вушачаў. Па дарозе  да Вулы, працягласцю каля 90 км, вязням не давалі вады і ежы, а знямоглых дабівалі. Некалькі сотняў забітых засталіся ляжаць на гэтым крыжовым шляху. Дайшоўшы да  Вулы, калона перайшла мост цераз Дзвіну. У гэты час наляцелі нямецкія самалёты. Канваіры спужаліся, найперш за свае жыцці, бо такая вялікая група была добрай мішэнню, і Прыёмышаў загадаў знішчыць усіх вязняў. Іх паклалі на зямлю і расстралялі з кулямётаў, а тых, хто застаўся  жывым,  дабілі штыхамі. Афіцыйныя крыніцы падаюць інфармацыю пра 714 забітых, аднак сведка Павал Кожух, якому ўдалося ўратавацца, чуў з размовы канваіраў іншую лічбу — 1773. Некалькі чалавек, якім удалося ўцячы, таксама не пакінулі жывымі  – іх схапілі і таксама расстралялі.

У памяць пра трагедыю каля вёскі Мікалаёва віцебскія прадстаўнікі  “Матыралогу Беларусі” ў 1989 годзе ўсталявалі мемарыяльны крыж. Пазней там з’явіўся сапраўдны мемарыял

Пра лёсы перадваенных вязняў віцебскай турмы ніякіх дакументальных звестак у публічным доступе няма.