Актывісты ініцыятывы “Хайсы –віцебскія Курапаты” ладзяць прыборкі на знойдзеных пахаваннях. Мясцовыя ўлады і прадстаўнікі 52-га пашуковага батальёну адмаўляюцца пазнаёміць грамадскасць з поўнай справаздачай па даследаванні чалавечых парэшткаў і фрагментаў адзення і абутку, знойдзеных у раскапаных ямах. Удалося здабыць толькі ўрывак са справаздачы вайсковых археолагаў, якія перадалі парэшткі для захавання ў Мазалаўскі сельвыканкам. Паводле справаздачы, час пахавання — гэта перыяд з 1936 па 1941 год, але дакладнаму датаванню перашкаджае тая акалічнасць, што парэшткі страцілі анатамічную цэльнасць, і што значная колькасць знаходак знікла яшчэ да пачатку пошукавых працаў. На думку кіраўніка ініцыятывы Яна Дзяржаўцава, знаходкі вайскоўцаў якраз і сведчаць пра расстрэлы падчас сталінскага тэрору: «Вынікі працы пашукавікоў цалкам пацвярджаюць сведчаньні жыхароў навакольных вёсак пра тое, што каля Хайсоў расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Падчас раскопак былі знойдзеныя манеты 1931-34 гадоў, абутак 1936-37 гадоў, а самае галоўнае — мноства гільзаў ад куль да пісталетаў „кольт“ і „наган“, вінтоўкі Мосіна, што былі ў той час на ўзбраенні НКУС. 97% гільз — ад патронаў пісталета „кольт“”.
Спадар Дзяржаўцаў перакананы, што на ўзлеску каля вёскі Хайсы засталося яшчэ шмат безыменных магілаў, дзе ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Таму віцебскія актывісты ўсталявалі ў гэтых мясцінах яшчэ некалькі мэмарыяльных крыжоў, а таксама ўказальнікі да пахавання ў лесе з боку шашы Віцебск-Гарадок.
У выканкаме Віцебскага раёну была створана адмысловая камісія па ўшанаванні памяці людзей, чые парэшткі знаходзяцца ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле. Актывістаў ініцыятывы ў яе склад не ўключылі. Неўзабаве раённая газета “Голас Прыдзвіння” паведаміла, што парэшткі, знойдзеныя ў лесе пад Хайсамі і сабраныя байцамі 52-га пашуковага батальёну, перапахавалі як парэшткі ахвяраў вайны на брацкіх вайсковых могілках каля станцыі Лужасна.