Увесну 2017 года мясцовы жыхар Юрый Садкоў паведаміў пра чалавечыя парэшткі, знойдзеныя ім на іншым участку леса каля вёскі Хайсы. Гісторыя паўтарылася: парэшткі і фрагменты рэчаў трапілі на паверхню пасля “працы” так званых “чорных капальнікаў”. Юрый Садкоў звярнуўся ў міліцыю, супрацоўнікі аддзела МУС Віцебскага раёна забралі частку парэшткаў для экспертызы. Справай пачаў займацца Следчы Камітэт. Мясцовыя ўлады зноўку выклікалі 52-гі пашуковы батальён. Вайсковы археолаг Вадзім Тамілін забараніў фатаграфаваць раскопы . Прадстаўнік Акадэміі навук Алег Іоў, які таксама прыехаў вывучаць пахаванне, заявіў, што ўбачанае тут вельмі нагадвае яму знаходкі ў мінскіх Курапатах.
Удзельнікі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” ініцыявалі збор подпісаў пад лістом у аблвыканкам, каб на знойдзеных месцах пахавання невядомых ахвяраў быў усталяваны мемарыяльны крыж. Улады адмовілі актывістам. Тады партыйцы КХП БНФ і проста неабыякавыя грамадзяне вырашылі працягваць стварэнне народнага мемарыяла – паставілі 16 мемарыяльных крыжоў у лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле.Некаторыя крыжы ўсталявалі з мемарыяльнымі шыльдамі, бо ўдалося высветліць імёны і прозвішчы некаторых ахвяраў. У лістападзе на ўскрайку лесу каля вёскі Хайсы, дзе роўна тры гады таму былі знойдзены чалавечыя парэшткі сіламі актывістаў быў усталяваны крыж памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. І яшчэ тры крыжы паўсталі на ўваходзе ў лес з боку вёскі Хайсы.
Таксама актывістам давялося папрацаваць і па слядах пашукавікоў, якія пакінулі ў лесе чалавечыя косткі. Іх сабралі разам і пахавалі ў сімвалічнай магіле. За гэта супраць Яна дзяржаўцава была ініцыявана адміністрацыйная справа паводле заявы старшыні Мазалаўскага сельвыканкама Леаніда Дубіны. Суддзя суду Віцебскага раёну Міхаіл Зубеня прызнаў актывіста вінаватым паводле артыкула 23.43 КаАП РБ («Парушэнне заканадаўства аб пахаванні»), і пастанавіў пакараць штрафам памерам 5 базавых велічынь (115 рублёў).
У жніўні 2017 году ўдзельнікі ініцыятывы падалі дакументы на рэгістрацыю аднайменнай гістарычна-асветніцкай грамадкай арганізацыі. Але ў рэгістрацыі ім адмовілі. Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў (НДА) уганаравала ініцыятыву Хайсы — віцебскія Курапаты» званнем лаўрэата дзявятай прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» ў намінацыі “Новая ініцыятыва”.