Урочышча «Цёплы лес» знаходзіцца каля пасёлка Лужасна (у 12 км ад Віцебска). У 1930-я гады ў «Цёплым лесе», недалёка ад Лужаснянскага тэхнікума, былі арганізаваны летнія ваенна-палявыя лагеры. На вялікай тэрыторыі, абнесенай калючым дротам, знаходзіліся вялікія склады з ваеннай маёмасцю і харчаваннем. У пасёлку былі пабудаваныя дачы для камандзірскага складу, і ў адной з іх, ацалелай пасля вайны, потым размяшчалася пачатковая школа. У будынку Пакроўскай царквы быў арганізаваны рэстаран для вайскоўцаў. У 1941 годзе склады былі разрабаваны, а пабудовы расцягнулі на свае патрэбы мясцовыя жыхары. Цяпер на месцы лагераў засталіся зараснікі манчжурскага арэху, кусты бэзу і паўразбураны калодзеж.
Ва ўспамінах старажылаў «Цёплы лес» часта фігуруе і як месца «сталінскіх» расстрэлаў у 1937-38 гг. Такія аповеды неаднаразова даводзілася чуць Яну Дзяржаўцаву, актывісту КХП БНФ, які збірае звесткі пра сталінскія рэпрэсіі на Віцебшчыне:
– Мяне сюды прыводзіў Сакалоў Генадзь Аляксандравіч, які жыў тут побач, калі быў дзіцем. Ён расказаў, што ў дзяцінстве яны з двума хлопцамі пайшлі ў змярканні ў “Цёплы лес”. І ўбачылі, што пад’язджае машына, спыняецца, не выключыўшы фар. З кузава выганяюць людзей – хлопцы бачылі іх фігуры і потым чулі стрэлы. Прычым тут такое было шмат разоў, а не аднойчы.
На тым месцы, якое паказаў сведка, — пад гарой, у балоцістай лагчынцы, недалёка ад шашы, які вядзе з Віцебска ў Лужасна – у 2015г. быў усталяваны мемарыяльны крыж. На шыльдзе напісана: «У памяць бязвінных ахвяр сталінскага тэрору, расстраляных ва ўрочышчы” Цёплы лес “катамі НКВД у 1931-40 гадах па загаду савецкай улады».