Паляі пад Віцебскам

Паляі пад Віцебскам

У 1980-я гады, калі ў прэсе пачалі ўздымаць тэму сталінскага тэрору, а людзі перасталі баяцца гаварыць пра месцы масавых расстрэлаў, стала вядома  пра першыя “Віцебскія Курапаты” – узлесак непадалёк ад вёски Паляі ( 6 км ад Віцебска, узбоч аўтадарогі Р-21 Віцебск-Лёзна). Пра тое, што ў ваколіцах вёскі расстрэльвалі людзей, ад сваёй сваячкі  Зінаіды Аляксандраўны Цярoшкінай даведаўся жыхар Віцебску Якаў Рыжык. Пра пачутае ён распавёў  удзельнікам клуба аматараў гісторыі і культуры “Узгор’е”. Яны  апыталі мясцовых жыхароў, якія яшчэ памяталі тыя падзеі. І было вырашана ўсталяваць мемарыяльны крыж у тым месцы, якое паказалі вясковыя старажылы.

Першы крыж быў пастаўлены ў Паляях 5 лістапада 1989 г. У той дзень прайшла першая грамадзянская паніхіда, сабраліся  жыхары вёскі Паляі, школьнікі, старшыня мясцовага сельсавету. Прайшлі і жыхары суседніх вёсак, жанчыны плакалі, расказвалі гісторыя пра рэпрэсаваных сваякоў. З тае пары віцебскія актывісты штогод збіраюцца тут на Дзяды, каб ушанаваць памяць бязвінных ахвяраў. На месцы расстрэлу паўстаў самаробны мемарыял, які ўжо таксама мае сваю гісторыю. Першы крыж быў знішчаны невядомымі вандаламі, такі самы лёс напаткаў і яшчэ некалькі крыжоў, усталяваных у 1990-я гады. У 2013г. старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Канстанцін Смолікаў прапанаваў уласную канцэпцыю мемарыяла: на “расстрэльным месцы” з’явіліся 5 драўляных крыжоў чырвонага колеру. Апрача іх, на ўзлеску каля Паляёў усталяваны і два жалезныя крыжы, адзін з іх – вышынёй каля 5-ці метраў. На ім зроблены  надпіс “Ахвярам таталітарнага рэжыму”. Мясцовыя ўлады спрабавалі перашкодзіць стварэнню мемарыяла: Канстанціна Смолікава выклікалі ў суд і аштрафавалі за самавольнае ўсталяванне крыжоў у лесе. Паводле рашэння суду, яго абавязалі ліквідаваць крыжы. Ён не пагадзіўся, і мемарыял застаўся некранутым. Увосень 2020 г. удзельнікі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” усталявалі каля крыжоў інфармацыйны стэнд пра падзеі сталінскага тэрору.

Віцебскія краязнаўцы і актывісты неаднаразова звярталіся да мясцовых уладаў, каб надаць гэтым мясцінам мемарыяльны статус. Аднак гэтага не зроблена і дагэтуль:  тут ніколі не праводзіліся раскопкі альбо іншыя даследаванні.