Жыхар вёскі Лужасна Сяргей Кудзінаў кажа, што яшчэ ў 1980-я гады натрапляў у лесе на чалавечыя парэшткі:
–Мы з братам Іванам хадзілі ў грыбы каля вёскі Хайсы. Падняліся на горку і ўбачылі ямы ў зямлі – мабыць, нехта рабіў раскопкі. Вакол былі раскіданы чалавечыя чарапы, косткі, рэшткі адзення, абутку. Калі вярнуліся дахаты, то распавялі пра гэта нашай маці. Яна родам з гэтых мясцінаў – з вёскі Баравыя, якая некалі была каля Хайсоў. І вось яна распавяла, што чула ад старажылаў, што там да Вялікай Айчыннай вайны праводзіліся расстрэлы. Даведалася яна пра гэта ад свайго суседа. Ён казаў, што аднойчы пайшоў у лес і пачуў там нейкія хлапкі, як стрэлы. Яму стала цікава, ён падышоў бліжэй і нарваўся на ачапленне. Людзі ў форма сказалі яму: “Дзед, чаго ты тут ходзіш? Ідзі адсюль і больш не з’яўляйся, калі не хочаш непрыемнасцяў”. Але ён не супакоіўся, і аднойчы цішком прабраўся ў тыя мясціны. Убачыў там прысыпаныя зямлёй ямы.
Паводле апавядальніка, мясцовыя старажылы ведалі пра расстрэлы ў гэтых мясцінах. Але часы былі такія, што пра гэта стараліся не згадваць. Але пазней, падчас так званай “Перабудовы”, людзі ўсё-ткі вырашылі даведацца праўду, працягвае Сяргей Кудзінаў:
— Людзі ўжо адчулі сябе вальнейшымі, і мой брат звяртаўся ў сельсавет, звяртаўся ў царкву і нават у газету – была тады “шматтыражка” завода “Эвістар”. Там у яго быў знаёмы карэспандэнт, і брат яго пазваў, каб сфатаграфаваць косткі ў лесе. Тады ўжо было вядома пра Курапаты, і пра іншыя месцы “сталінскіх” расстрэлаў. Але справа на тым і скончылася. Яму сказалі: “Дзякуй за інфармацыю, мы разбярэмся. А далей – не ваша справа”.
Іван Кудзінаў памёр у 2012годзе. Ягоны брат Сяргей паказаў чалавечыя парэшткі віцебскім актывістам і журналістам. Вандроўка ў “расстрэльны” лес каля вёсак Хайсы і Дрыколле адбылася 12 жніўня 2014г., і ў той самы дзень незалежныя беларускія СМІ апублікавалі першую інфармацыю пра чарговыя “віцебскія Курапаты”.