“Гэтак растрэльвалі самых разумных…”


Мікалай Васільевіч Шамшура нарадзіўся ў 1929 годзе непадалёк ад Хайсоў. Ад сваіх суседзяў ён чуў аповеды пра тое, што перад вайной у лес вазілі і растрэльвалі людзей, якіх тут жа, у лесе, і закопвалі.

“Да вайны ў той лес нікога не пускалі. А ўжо пасля вайны ў тых мясцінах ужо было нічога не пазнаць. Немцы падчас вайны высеклі і вывезлі той лес, дзе адбываліся расстрэлы,” — кажа ён.

Ужо пасля вайны Мікалай Васільевіч працаваў трактарыстам і браў удзел у выкарчоўванні пнёў на тым полі, якое ўтварылася на месцы выразанага немцамі леса. Яго пазней узаралі і засеялі. Такі загад аддаў тагачасны старшыня мясцовага калгаса, якога звалі Прохар Мікалаевіч Саўчанка. Ён быў мясцовы, ураджэнец вёскі Саўчонкі. Плошча таго поля, дзе паводле аповядаў тутэйшага люду былі пахаваны растраляныя, складала каля пяці гектараў.

“Падчас вайны гэтымі пахаваннямі цікавіліся немцы, і адзін з вяскоўцаў, Кірыл Азаравіч Азаронак, нават вадзіў іх да гэтых пахаванняў. Гэта было ў 1942 годзе, і ён сам потым распавядаў аднавяскоўцам пра гэта,” – прыгадвае Мікалай Васільевіч тое, што пачуў ад суседзяў.

Жонка Мікалая Васільевіча прыгадвае аповеды мясцовых жыхароў пра тое, што прывозілі ахвяр адразу пасля захаду сонца, па дарозе праз чыгуначны пераезд у Хайсах. Машыны з ахвярамі ехалі ўздоўж сядзібы Пятрака Малашэнкі. Рабілася ўсё як мага цішэй, і нават саміх стрэлаў амаль не было чутно. Гаварылі нават, што раты у ахвяраў былі завязаныя. Прывезеных прымушалі саміх капаць сабе магілу, а потым ставілі адным шэрагам і стралялі. І яшчэ людзі казалі, што гэтак растрэльвалі самых разумных.