Люцыя Баляславаўна Яленская нарадзілася ў сакавіку 1922 года ў вёсцы Курылава Рудніцкага сельсавету ў Віцебскім раёне. Яе бацька Баляслаў Пятровіч Яленскі нарадзіўся ў 1872 годзе, ён быў на восем гадоў старэйшы за маці.
Баляслаў Пятровіч быў афіцэрам Белай гвардыі. Калі бацька павяртаўся з вайны, ён набыў восем гектараў зямлі. Люцыя Баляславаўна прыгадвае, што падчас калектывізацыі бацьку дужа настойліва прымушалі ўступаць у калгас:
–З гэтай мэтай яго абкладалі падаткам, і каб сплаціць яго, бацька мусіў сячы лес. Памятаю, што прыязджалі ды адбіралі збожжа.
Абодва бацькі былі палякамі і належалі да дваранства. У сям’і было пяцёра дзяцей, але пасля смерці ў дзіцячым узросце аднаго з іх засталося тры дзяўчынкі і адзін хлопчык. Вучыліся дзеці ў польскай школе. Але Люцыя Баляславаўна прыгадвае, што доступ да навучання ў польскай школе быў абмежаваны, вучняў было вельмі мала. У чацвёртым класе, які паспела скончыць Люцыя Баляславаўна, было толькі чатыры вучні – два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Пазней польскую школу зліквідавалі, а вучняў перавялі ў беларускую школу, дзе над імі смяяліся, дражнілі “пшэкамі”. У 1932 годзе бацьку Люцыі Баляславаўны выклікалі ў сельсавет.
— Гэта не было звязана з дваранскім паходжаннем — пра гэта ніхто не ведаў, і нават нам, дзецям, бацькі не казалі. Пра дваранства, ды пра іншае, маці распавяла нам толькі калі тату забралі, — распавядае Люцыя Баляславаўна.
У той дзень Баляслаў Пятровіч з сельсавету не вярнуўся. Наступнай раніцай маці запрагла каня, ды накіравалася ў сельсавет сама. Там ёй сказалі, што яе мужа ўжо завезлі ў Віцебск, у турму. Маці сабрала для бацькі перадачу, і разам з Люцыяй Баляславаўнай, якой тады было 10 год, яны паехалі ў Віцебск. Турма знаходзілася побач са Смаленскім рынкам. Там ім дазволілі пабачыцца праз вакенца. Для Люцыі Баляславаўны падставілі лавачку, бо яна да вакенца не дацягвалася. Бацька з дачкой раней былі заўсёды разам, Баляслаў Пятровіч браў малую дачку нават на працу ў полі. Ён рабіў для яе адмысловае месца на плузе ці на культыватары, каб сесці, і даваў лейцы ў рукі, і так яны разам працавалі ў полі. А тут проста стаялі адзін насупраць аднаго, і абодва плакалі.
Праз некаторы час маці зноў паехала ў Віцебск, да бацькі ў турму. Але на ранейшым месцы яго не знайшла, бо яго перавялі ў падвал побач з ракой Віцьбай. Туды маці ўжо не пусцілі. Пазней ён апынуўся ў будынку на Успенскай горцы, дзе тады месціўся аддзел НКУС, і цяпер знаходзіцца абласное кіраўніцтва КДБ. Там таксама да яго ўжо не пускалі. У 1933 годзе Баляслава Пятровіча адпусцілі. Ён вымушаны быў пайсці ў калгас.
Ужо ў наш час Люцыі Баляславаўне ў згаданым вышэй будынку на Успенскай горцы прапаноўвалі пачытаць папку са справай яе бацькі, але яна адмовілася, бо ведала, што будзе плакаць, і нічога не разбярэ. Гэта была справа па выніках другога арышту Баляслава Пятровіча, які адбыўся 31 ліпеня 1938 года. Люцыя Баляславаўна папрасіла, каб ёй распавялі пра лёс яе бацькі, адлюстраваны ў гэтае справе. Ёй сказалі, што яго расстралялі ў лістападзе 1938 года. Месца пахавання Баляслава Пятровіча, казалі ёй, невядомае, і могуць ведаць яго толькі ў адпаведных органах у Менску.
Разам з Баляславам Пятровічам Яленскім з ягонае вёскі забралі ягонага далёкага сваяка Яську Старыковіча. У ягонае сям’і было двое дзяцей. Ён быў камуністам, і дужа шчыраваў падчас раскулачвання сям’і Яленскіх у 1933 годзе. Сям’я Яленскіх была заможнай. У іх была карова і конь, розныя сельскагаспадарчыя машыны, у тым ліку веялка, сеялка ды малацілка. Былі назапашаныя свініна, бараніна, ялавічына ў бочках. Было шмат рэчаў, якія гэты Старыковіч актыўна дапамагаў адбіраць.
Таксама ў 1938 годзе забралі яшчэ аднаго суседа па прозвішчы Буевіч. Гэтага Буевіча забралі перад самай вайной, ён пабыў у руках энкавэдоўцаў толькі некалькі дзён. Прыйшоў ён адтуль, прыгадвае Люцыя Баляславаўна, белы як палатно. Ён потым распавядаў, што сустрэў у турме бацьку Люцыі Баляславаўны. Ён жа шмат пазней распавёў пра катаванні вязняў. Яго адмыслова папярэджвалі, каб маўчаў, і ён загаварыў пра катаванні толькі нядаўна. У прыватнасці ён казаў, што катаваным заганялі іголкі пад пазногці, ды круцілі чалавека на адмысловым коле, аж пакуль у яго не пачынала ісці з носу кроў…