Тамара Іллінічна Юркойць, у дзявоцтве Сухадольская, нарадзілася ў 1949 годзе, на хутары паблізу вёскі Дрыколле. Яна й цяпер жыве ў гэтай вёсцы. Сама жанчына не магла бачыць нічога, звязанага з расстрэламі ахвяраў сталінскага тэрору, але ёй шмат давялося пачуць пра гэта ад яе маці, Марыі Мітрафанаўны Карпенка, у шлюбе Сухадольскай, якая нарадзілася ў 1915 годзе. Яна больш за 70 гадоў пражыла тут, і пахаваная тут жа, у вёсцы Дрыколле.
Марыя Мітрафанаўна разам з сястрой часта прыгадвалі ў размовах, што побач з іх домам, пабудаваным яшчэ ў 1916 годзе, праходзіла дарога (цяпер гэта вуліца Лясная). Яны казалі, што, як толькі пачынала вечарэць, па гэтай дарозе ішлі машыны ў лес, і адтуль чуліся стрэлы. Стрэлы гучалі часта, і заўсёды пасля таго, як па дарозе ўздоўж сядзібы, якая належала цётцы Тамары Іллінічны, праедуць машыны. У самім лесе вяскоўцы бачылі сляды расстрэлаў, толькі гэта былі не магілы, а засыпаныя зямлёй ямы. Людзей закопвалі як скаціну, кажа спадарыня Тамара:
— І калі нават на могільніках скаціны выстаўляюцца адмысловыя шыльды, то ў гэтым лесе, дзе было закапана столькі людзей, і куды з самага маленства мы хадзілі і ў ягады, і ў грыбы, не было нічога! Ні шыльды, ніякай пазнакі не было, што тут пахаваны людзі. Былі толькі ямы, якія правальваліся, і яны паказвалі, дзе былі пахаванні. І пазней туды хадзілі, па гаспадарчых справах, напрыклад, пасвілі там кароў. Былі там праваленыя ямы, але ніколі ніхто не бачыў касцей. І тое, што цяпер там сталі знаходзіць косці, абазначае, што цяпер там сталі бываць нядобрыя людзі, і рабіць нядобрыя справы. І Бог іх за гэта пакарае”.
Расстрэлы ў лесе адбываліся ў часы так званых “яжовых рукавіц”, гэта значыць, ў 1936 – 1939 гадах. Тамара Іллінічна прыгадвае аповеды маці і цёткі пра тое, што часы гэта былі няпростыя, і людзі паводзілі сябе часам нядобра. Моладзь, якая жыла ў гэтым наваколлі па хутарах, збіралася на танцы ў некага ў хаце. І бывала, што хлопцы сварыліся, нават біліся.
— А назаўтра нехта з іх мог напісаць цыдулку, і другога забіралі. Цыдулку тую не трэба было далёка насіць, заносілі проста ў сельсавет. І не было ніякага следства, разбору таго, што было ў той цыдулцы. І чалавек знікаў, і пра яго аж дагэтуль нічога не вядома”, — крыху збянтэжана дзеліцца пачутым ад сваякоў Тамара Іллінічна.
Таксама Тамара Іллінічна прыгадала, што былі размовы і пра расстрэлы ў Цёплым лесе. Пра гэта, у прыватнасці, казала яе сваячка Лідзія Іванаўна Сухадольская.