Ігар Уладзіміравіч Спірыдонаў пачуў пра растрэлы, што адбываліся ў лесе побач з Хайсамі, ад свае бабулі. Яе звалі Кацярына Лявонаўна Карпенка. Яна нарадзілася ў 1910 годзе, памерла ў 1998 годзе. Хутар, на якім жыла іхная сям’я, называўся Лявонішча, і знаходзіўся непадалёк, усяго кіламетра паўтара ад вёскі. Ігар Уладзіміравіч даведаўся ад бабулі, што да вайны па начах бацька Кацярыны Лявонаўны чуў стрэлы ў лесе.
— І аднойчы ўдзень ён пайшоў у лес паглядзець, адкуль даносіліся тыя стрэлы. І ў лесе ён пабачыў ямы, засыпаныя зямлёй, ля якіх два чалавекі займаліся тым, што прыкрывалі гэтыя ямы галінкамі, так, каб яны не так моцна кідаліся ў вочы. Бацька спытаў іх, што гэта яны там рабілі, але ў адказ гэтыя людзі пагналі яго адтуль”, — прыгадвае Ігар Уладзіміравіч аповед бабулі.
Ігар Уладзіміравіч прыгадвае таксама, што ўжо ў канцы 90-ых ці пачатку 2000-ых, ён аднойчы збіраў у гэтым лесе грыбы. Тады ён зайшоў дастаткова далёка — не так, як звычайна. І там у глыбіні лесу ён пабачыў тыя ямы, некаторыя з іх ужо нават праваліліся. Болей за тое: некаторыя ямы былі са слядамі раскопаў. Выглядалі гэтыя раскопы так, нібыта ў гэтых пахаваннях нехта шукаў нейкія каштоўнасці. Панавокал гэтых раскопаў ляжалі косці ды адкапаныя чаравікі.
У лістападзе 2014г. віцебскія журналісты і актывісты на свае вочы ўбачылі ў лесе чалавечыя косткі і чарапы. Старажылы пацвердзілі, што ў гэтых мясцінах – у лесе каля вёскі Хайсы — у 1930-я гады расстрэльвалі людзей.