Бабуля Пятра Фёдаравіча Каваленкі мела дзявочае прозвішча Навуменка і нарадзілася ў Віцебску. Адразу пасля рэвалюцыі яна выйшла замуж у вёску Сенькава каля Рубы. У гэтае вёсцы яна пражыла ўсё сваё жыццё, да 80-ці гадоў.
Паводле яе ўспамінаў, першыя выпадкі рэпрэсій, якія чынілі бальшавікі, ёй давялося пабачыць яшчэ ў 1929 ці 1930 годзе. У Велікодную суботу яна вярталася дахаты пасля начной службы ў царкве. На сваім шляху яна пачула, як моляцца святары. І гэта былі страшныя малітвы, бо яны суправаджаліся крыкамі. Здалёк яна пабачыла выкапаную ў зямлі яму, а побач з ёй святароў, якіх расстрэльвалі. Сярод іх яна пазнала святара з Успенскага сабора. На жаль, не засталося дакладных звестак пра месца трагедыі.
– Яна магла ісці адным з двух магчымых шляхоў, ці праз вёску Батрукі (каля вуліцы Смаленскай, па вуліцы, якая звалася “Бруднай”, пазней “вуліцай Чырвонага партызана”, і далей), ці па цяперашняй вуліцы Гагарына, – мяркуе Пётр Фёдаравіч.
На вуліцы Гагарына ў Віцебску цягам некалькіх стагоддзяў была турма. Знаходзіцца яна там і зараз, гэта цяперашняе СІЗА-2.
Яшчэ адна гісторыя, якую распавядае Пётр Фёдаравіч, здарылася са знаёмым іх сям’і, які жыў у мікрараёне Віцебска пад назвай Ціраспаль. Знаёмага звалі Іван Антонавіч Астапенка, нарадзіўся ён прыблізна ў 1917 годзе. У яго быў прыяцель, які працаваў пуцявым абходчыкам на чыгунцы. Недзе за Ціраспалем, у раёне Хайсоў, у яго была будка, у якой ён захоўваў інструменты.
Там быў і пераезд, які згадваецца ва ўспамінах шматлікіх сведкаў. У лесе за пераездам энкавэдысты расстрэльвалі і закопвалі людзей, а каб не вазіць кожны раз інструменты – рыдлёўкі і ламы, пакідалі іх на захаванне ў будцы абходчыка, а абходчыку загадвалі маўчаць пра гэта.
Пётр Фёдаравіч удакладняе, што гэта было да 1937 года, можа быць, нават у самым пачатку 30-ых:
– Рэпрэсіі ж пачаліся ледзь ці не з першага дня cавецкай улады, і цягнуліся не адно дзесяцігоддзе.