Рыгор Сямёнавіч Іваноў, 1934 года нараджэння, даведаўся пра рэпрэсіі і растрэлы ад свайго бацькі, Сямёна Фаміча, які нарадзіўся ў 1910 годзе, і маці Марыі Мікітаўны, 1912 года нараджэння. Бацька казаў яму, што растрэлы адбываліся ў 1937-38 гадах каля вёскі Хайсы ў Вераб’ёвым лесе – гэта мясцовая назва ўчастка лесу, каля якой жыла сям’я Вераб’ёвых.
– Раней тут была вёска Буёва. Пра расстрэлы ўсе ведалі. І ў нашай вёсцы таксама ведалі. Былі такія размовы, што расстрэльвалі ў Вераб’ёвым лесе. Бацька казаў, што стрэлы было чуваць часта. Успаміны пра гэта я чуў шмат ад каго. Неяк сышліся мужыкі на перакур, і сама сабою гаворка на гэта перайшла. Але не так і часта пра гэта гаварылі, бо было так, што асабліва рот не раскрывай, – прыгадвае Рыгор Сямёнавіч.
Успаміны старажылаў пра расстрэлы падчас сталінскага тэрору збіраў Ян Дзяржаўцаў, кіраўнік ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты”. Праз сведчанні тых, хто памятае тагачасныя падзеі, ён спрабаваў пераканаць мясцовыя ўлады ў неабходнасці ўшанаваць памяць ахвяраў. Аднак гэтыя спробы засталіся марнымі.
Для працы на пахаваннях двойчы выклікалі пашуковы батальён, які збіраў чалавечыя косткі. Ці праводзілася нейкая экспертыза парэшткаў, грамадскім актывістам не паведамляюць. У 2015-м годзе парэшткі прыблізна 140 асобаў былі пахаваныя на брацкіх вайсковых могілках каля станцыі Лужасна як “ахвяры Другой Сусветнай вайны”.
Пазней адбылося яшчэ адно афіцыйнае перапахаванне знойдзеных парэшткаў на могілках у вёсцы Мазалава, дзе на крыжы ўсталявалі шыльду, надпіс на якой не нясе аніякага сэнсу: “Тут пахаваны парэшткі 302 асобаў, знойдзеных у ваколіцах вёскі Хайсы”.