Мікалай Валянцінавіч Бародзіч узгадвае, што ягоная маці, якая нарадзілася ў 1929 годзе, казала пра тое, што ў лесе каля Хайсоў растрэльвалі габрэяў. Іх прывозілі з нейкага лагера, што знаходзіўся непадалёк. І было гэта менавіта да вайны.
“Людзей вазілі на растрэлы грузавымі машынамі. І растрэлы адбываліся на працягу двух гадоў, 1937-га і 1938-га” – перадае ён словы маці.
Мікалай Валянцінавіч мяркуе, што маці магла пачуць пра гэтыя расстрэлы ад сваёй маці, Ціханенка Ганны Фёдараўны, 1914 года нараджэння. Сам Мікалай Валянцінавіч нарадзіўся ў 1958 годзе. Прыгадваючы словы сваёй маці і бабулі, ён катэгарычна адмаўляе сцверджанні, што расправы ў лесе каля Хайсоў чыніліся немцамі падчас акупацыі.
Габрэйскае насельніцтва было вельмі шматлікім у даваенным Віцебску. Вядома, што ахвярамі сталінскіх рэпрэсій сталі многія габрэі. Магчыма, адтуль і бярэ пачатак версія вяскоўцаў, што ў лесе каля Хайсоў “расстрэльвалі габрэяў”.
Аднак старажылы заўсёды падкрэсліваюць, што расстрэлы адбываліся менавта ў перадваенны час, і што катамі былі не нацысты-захопнікі, як у часе Другой Сусветнай вайны. Але менавіта ахвярамі фашызму прадстаўнікі мясцовых уладаў называлі тых, чые парэшткі былі знойдзены ў лесе каля Хайсоў у 2014 годзе. Пасля працы адмысловага пашуковага батальёну сабраныя косткі нават пахавалі на брацкіх могілках каля станцыі Лужасна, гэта значыць, як забітых падчас апошняй вайны, а не ў перадваенныя гады.